Мінск 14:01

Памежная ахова Польшчы выявіла некаторыя аб’екты, што ўварваліся з боку Беларусі, гэта паветраныя шары

Ілюстрацыйнае фота: Памежная ахова Польшчы

29 студзеня, Позірк. Памежная ахова Польшчы “цалкам кантралюе” сітуацыю, звязаную з “падвышанай актыўнасцю лятучых аб’ектаў у прыгранічнай паветранай прасторы з боку Беларусі”, што была зафіксаваная “ў начны час серады” (28 студзеня).

“Першыя выяўленыя аб’екты — кантрабандныя паветраныя шары. Праводзяцца дзеянні, скіраваныя на высвятленне абставін інцыдэнту, — гаворыцца ў паведамленні ведамства. — Памежная служба і паліцыя Польшчы на ​​пастаяннай аснове маніторыць сітуацыю на ўсходняй мяжы краіны і падтрымліваюць пастаянны кантакт з Аператыўным камандаваннем відаў Узброеных сіл”.

Раней Аператыўнае камандаванне відаў УС паведаміла, што “ў сераду, 28 студзеня 2026 года, у начны час быў зафіксаваны ўваход у паветраную прастору Польшчы аб’ектаў, якія набліжаліся з боку Беларусі”.

Адзначалася, што дзеля бяспекі над Падляскім ваяводствам часова забараняліся палёты грамадзянскай авіяцыі.

“На падставе праведзеных аналізаў, якія ўключалі, у тым ліку, характарыстыкі палёту, хуткасць і напрамак перамяшчэння аб’ектаў, было зроблена заключэнне, што гэта былі, найбольш верагодна, аб’екты балоннага тыпу, якія перамяшчаліся ў адпаведнасці з метэаралагічнымі ўмовамі, — гаварылася ў паведамленні. — Пагрозы бяспецы паветранай прасторы Рэспублікі Польшча не зафіксавана”.

“Варта падкрэсліць, што інцыдэнты такога кшталту ўпісваюцца ў пералік дзеянняў гібрыднага характару, з якімі Польшча сутыкаецца на ўсходнім напрамку. Сітуацыя знаходзіцца пад сталым маніторынгам, а сілы і сродкі УС Польшчы застаюцца ў гатоўнасці да выканання задач, звязаных з абаронай паветранай прасторы”, — падкрэсліла ведамства.

На мінулым тыдні стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, запатрабаваўшы тлумачэнняў наконт прылёту ў краіну 150 паветраных шароў у ноч на 17 студзеня.

“Беларускі бок атрымаў вельмі выразны сігнал пра тое, што мы не ўхваляем падобныя дзеянні”, — цытавалі СМІ прэс-сакратара МЗС Мацея Вевіёра.

Падзяліцца: