Мінск 20:08

Колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў у 2025 годзе павялічылася на 7,9%

Ілюстрацыйнае фота: James Yarema / unsplash.com

12 лютага, Позірк. У 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м, вынікае з даных Вярхоўнага суда.

За здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332) летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, ці 92,2%, прызнана вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). У 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

На падставе ч. 1 арт. 328 летась было асуджана 1.360 чалавек (65,5% усіх асуджаных паводле гэтага артыкулу; годам раней 1.189, або 60,8%).

Большасць — 954 чалавек (70,1%) — прыгавораная да абмежавання волі (826; 69,5%). Пазбаўленне волі на пэўны тэрмін прызначанае 165 асобам (12,1%), што на 24,7% менш, чым у 2024 годзе (219; 18,4%). Штраф прызначаны тром фігурантам як у 2025 годзе, так і ў 2024-м (0,2% і 0,3% адпаведна).

Адтэрміноўка пакарання і ўмоўнае непрымяненне пакарання закранулі 160, або 11,8%, асуджаных на падставе самай лёгкай часткі згаданага артыкула (у 2024 годзе — 139, або 11,7%). Яшчэ 11 чалавек, ці 0,8%, вызваленыя адбыванні пакарання (годам раней такіх выпадкаў не было). Да арышту прыгаворана 67 чалавек (1).

Колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту, павялічылася — з 12 у 2024 годзе да 17 у 2025-м. Восем з іх (47,1%) пакараныя абмежаваннем волі (8; 66,7%), двое адпраўленыя пад арышт (11,8%; у 2024-м арышт не прызначаўся).

Тры чалавекі (17,6%) асуджаныя з адтэрміноўкай выканання пакарання (годам раней — два), столькі ж — з умоўным непрымяненнем пакарання (адзін; 8,3%). Адзін чалавек (5,9%) вызвалены ад адбывання пакарання (у 2024 годзе не вызваляліся).

На падставе больш цяжкіх частак — 2–5 — гэтага артыкула ў 2025 годзе асуджана 717 чалавек, або 34,5% усіх асуджаных паводле арт. 328 (у 2024 годзе такіх было 767; 39,2%).

З іх пазбаўленнем волі пакарана 684, ці 95,4% прызнаных вінаватымі на падставе больш цяжкіх частак арт. 328 (годам раней — 766; 99,9%): паводле ч. 2 — 30 (58), ч. 3 — 303 (274), ч. 4 — 345 (421), ч. 5 — 6 (13).

Абмежавана свабода 33 асуджаных паводле гэтых частак арт. 328 (4,6%). У 2024 годзе асобам, прызнаным вінаватымі ў такіх злачынствах, гэты від пакарання не прызначаўся.

За незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту ў 2025 годзе быў асуджаны 51 непаўналетні (у 2024-м — 68). Пазбаўленнем волі пакарана 50 (67), абмежаваннем — 1 (0).

Падзяліцца: