АПК: Масква разглядае Беларусь як уласны ваенны плацдарм і зону акупацыйнага ўплыву

13 лютага, Позірк. “Прынцыповую палітычную ацэнку” нядаўнім заявам прадстаўнікоў Расіі, якія могуць сведчыць пра “падрыхтоўку да канчатковай ліквідацыі суверэнітэту Беларусі”, даў Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).
Адпаведная заява стала рэакцыяй на паведамленне Службы знешняй выведкі (СЗВ) РФ ад 9 лютага і заяву прэс-сакратара расійскага МЗС Марыі Захаравай ад 12 лютага, якія “ўтрымліваюць непрыхаваныя пагрозы выкарыстаць усе наяўныя сілы і сродкі, уключаючы ядзерны арсенал, для кантролю над унутрыпалітычнай сітуацыяй” у Беларусі.
Намеры расійскага боку, як сцвярджалася, “не назіраць склаўшы рукі” за працэсамі ў Беларусі “з’яўляюцца прамой пагрозай нацыянальнай бяспецы і сведчаць пра пераход Крамля да палітыкі адкрытага дыктату”, лічыць АПК.
“Падобныя заявы з’яўляюцца грубым умяшаннем ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь і беспрэцэдэнтным сігналам пра поўнае непрызнанне Расіяй суверэннага права беларускага народа самастойна вызначаць сваю будучыню”, — адзначаецца ў заяве.
Прысабечыўшы “права ацэньваць легітымнасць беларускіх палітычных суб’ектаў і эфектыўнасць “зачысткі” грамадзянскай супольнасці”, Масква дэманструе, што “разглядае Беларусь не як незалежную дзяржаву, а як уласны ваенны плацдарм і зону акупацыйнага ўплыву”, — падкрэсліла палітычная структура.
“Мы падкрэсліваем: менавіта імперская палітыка Расійскай Федэрацыі і яе імкненне замацаваць Беларусь у статусе бяспраўнага сатэліта з’яўляюцца сёння галоўнай пагрозай суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны”, — адзначаецца ў заяве.
Да гэтай крытычнай мяжы краіну, упэўненыя ў АПК, прывяла “шматгадовая антынародная палітыка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”, які дзеля ўтрымання асабістай улады свядома і планамерна “гандляваў дзяржаўным суверэнітэтам, дапусціў замежныя спецслужбы да кіравання пытаннямі ўнутранай бяспекі і зрабіў Беларусь закладніцай агрэсіўных планаў Крамля”.
“Сённяшняя сітуацыя, калі лёс беларускіх выбараў і канстытуцыйнага ладу адкрыта абмяркоўваецца ў кабінетах расійскіх сілавых структур, з’яўляецца прамым вынікам здрады нацыянальным інтарэсам з боку Лукашэнкі”, — канстатавана ў дакуменце.
Ва ўмовах, калі РФ выказвае актыўны намер умяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі, у тым ліку ваенным спосабам, АПК “пацвярджае сваю няўхільную пазіцыю” — “адзіным эфектыўным адказам на знешнюю агрэсію можа быць толькі ўнутранае адзінства і аднаўленне суб’ектнасці беларускага народа”.
“Мы зноў заклікаем прадстаўнікоў функцыянальных беларускіх уладаў, якія ўсведамляюць экзістэнцыйную пагрозу страты дзяржаўнасці, да пачатку канструктыўнага дыялогу ў фармаце круглага стала. Выхад з глыбокага палітычнага крызісу, спыненне рэпрэсій і вяртанне да законнасці — гэта неабходныя крокі для стварэння адзінага нацыянальнага фронту па абароне незалежнасці Рэспублікі Беларусь”, — заклікала структура дэмакратычных сіл.
Будучыня Беларусі, упэўнены АПК, павінна вызначацца выключна грамадзянамі Беларусі ў рамках дэмакратычных працэдур. Любыя спробы замежнага ўмяшання пад выглядам “гарантый бяспекі” фактычна ёсць актам агрэсіі, а асобы, якія спрыяюць гэтаму ўмяшанню, павінны панесці адказнасць.
СЗВ Расіі 9 лютага заявіла, што заходнія краіны плануюць правесці “пільную “інвентарызацыю” беларускіх апазіцыйных кадраў на прадмет іх выкарыстання ў падрыўной дзейнасці”.
Для рэалізацыі “сцэнарыя каляровай рэвалюцыі”, як сцвярджала расійская выведка, ставіцца задача “вышукаць у беларускім грамадстве новых ліберальных пасіянарыяў”, паколькі “збеглыя дзеячы на чале са Святланай Ціханоўскай, якія акапаліся ў Літве і Польшчы, за апошнія гады” нібыта “распісаліся ў сваёй поўнай немачы хоць неяк паўплываць на працэсы ў роднай краіне”.
У сувязі з гэтым, адзначыла спецслужба, “мяркуецца сфармаваць рэсурс “раззлаваных на Аляксандра Лукашэнку” з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары 2030 года”.
12 лютага прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Расія “не будзе назіраць склаўшы рукі” за тым, як Захад намагаецца “адарваць Беларусь ад Расіі”.

- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаПа выніках 2025 года Беларусь заняла апошняе месца ў ЕАЭС па дынаміцы сельгасвытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаВыпускнікі ўпершыню будуць здаваць гісторыю на падставе падручніка, які эксперты назвалі ідэалагізаванымМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка


