Бабарыка паставіў сабе мэту — фармаваць шлях да “нерасійскай бяз’ядзернай дэмакратычнай” Беларусі

17 лютага, Позірк. “Нерасійская” (незалежная) бяз’ядзерная дэмакратычная Беларусь — неабходны элемент бяспекі Еўропы” — дасягненнем гэтай мэты мае намер займацца прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, былы банкір і экс-палітвязень Віктар Бабарыка.
Адпаведнае паведамленне ён апублікаваў 17 лютага на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, адразу ж падкрэсліўшы, што гэта “не палітычная заява і не рашэнне “застацца” ў палітыцы”.
“Я менеджар, і калі я нешта і ўмеў, то гэта прапаноўваць бачанне будучыні, структураваць і фармаваць шляхі руху да пастаўленай мэты, ацэньваць і знаходзіць рэсурсы для гэтага (людзей, фармаваць каманды і інструментарый і г.д.), арганізоўваць працу, ажыццяўляць кантроль за ходам выканання, уносіць патрабаваныя карэктаванні, даваць справаздачу пра дзейнасць тым, хто даў мне магчымасць садзейнічаць дасягненню ўзгодненых мэтаў”, — абмаляваў Бабарыка сваю ролю ў працэсах.
Раскрываючы сутнасць сфармуляванай мэты, ён канстатаваў, што “практычна поўная залежнасць” Беларусі ад сыравінных рэсурсаў Расіі разам з санкцыямі за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны прывялі да сітуацыі, калі беларуская прадукцыя “прадаецца ў асноўным на рынках “усходняга брата”.
“[Гэта] істотна абмяжоўвае наш суверэнітэт і магчымасць жыць так, як мы хочам, а не каб дагадзіць некаму іншаму”, — падкрэсліў Бабарыка.
Выключэнне з Канстытуцыі артыкулаў пра бяз’ядзерны статус і імкненне да нейтралітэту, на яго думку, фактычна прывяло да таго, што на Беларусь “павесілі “пояс шахіда” ў выглядзе “Арэшніка”, пульт ад якога знаходзіцца ў руках Масквы”. Беларусь “зрабілі ворагам” для суседзяў і ўсёй Еўропы, краіну ўспрымаюць як “пагрозу, а не дружалюбную нацыю”.
У будучыні Бабарыка бачыць Беларусь краінай, якая мае магчымасць выбіраць свой шлях развіцця. Такі выбар, падкрэсліў ён, маюць рабіць усе грамадзяне, а не толькі тыя, хто лічыць, што беларусы “яшчэ не дараслі да здольнасці гэта рабіць”, што толькі “яны адны ведаюць, што гэтаму “народцу” трэба”.
“Мы павінны пабудаваць краіну, у якой народ фармуе патрабаванні да ўлады для дасягнення дабрабыту людзей, а не ўлада камандуе, што і як нам рабіць для захавання самой сябе”, — мяркуе экс-палітвязень.
Цяперашняя сітуацыя, на яго думку, “нашмат горшая”, чым тая, што была ў 2020 годзе. Разам з тым Бабарыка лічыць яе “небезнадзейнай”.
16 лютага ў Берліне адбылася сустрэча Бабарыкі, у свой час кіраўніцы яго штаба Марыі Калеснікавай, а таксама беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і яе дарадцаў Дзяніса Кучынскага і Франака Вячоркі (апошні правёў з Бабарыкам “кансультацыі па стратэгіі”).
“На працягу некалькіх гадзін сустрэчы абмеркавалі стратэгічныя прыярытэты, крокі па ўмацаванні дэмакратычных сіл і ўзмацненні еднасці, паляпшэнні каардынацыі на міжнароднай арэне. Асобна абмеркавалі крокі для вызвалення палітзняволеных і спынення рэпрэсій, падтрымку беларусаў унутры краіны і ў выгнанні, а таксама іншыя ініцыятывы, каб наблізіць перамены ў Беларусі”, — напісала Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.
На старонцы ў сацсетцы Х яна коратка адзначыла, што на сустрэчы “размаўлялі пра стратэгію і пра тое, як умацаваць дэмакратычны рух”. “Разам мы працягваем барацьбу за свабоду палітычных зняволеных і ўсіх беларусаў. Мы мацнейшыя, калі едныя”, — падкрэсліла палітык.
Экс-кіраўнік “Белгазпрамбанка”, палітык Віктар Бабарыка знаходзіўся ў зняволенні з 18 чэрвеня 2020 года. Доўгі час правёў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада).
У рамках палітычна матываванай крымінальнай справы абвінавачаны ў легалізацыі (адмыванні) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. 6 ліпеня 2021 года прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі.
13 снежня 2025 года вызвалены пасля перамоў паміж Мінскам і Вашынгтонам разам са 122 іншымі палітвязнямі (уключаючы Калеснікаву). Беларускія ўлады вывезлі іх ва Украіну, пасля яны змаглі выехаць у краіны ЕС.
14 снежня міністр унутраных спраў ФРГ Аляксандэр Добрындт паведаміў, што Бабарыку і Калеснікаву афіцыйна прыме Германія. З 19 снежня яны знаходзяцца ў гэтай краіне.
- ЭканомікаСельгасвытворчасць у студзені вырасла на 3,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені грузаперавозкі знізіліся на 0,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаВУП у студзені знізіўся на 1,2% — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаПасля 26 спакойных дзён Літва зафіксавала дзве спробы незаконнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаТолькі ў адной з шасці свабодных эканамічных зон за год атрымалася нарасціць прыбытак (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 14–16 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка


