Мінск 01:31

Бабарыка не выключыў удзелу ў сумленных прэзідэнцкіх выбарах

Віктар Бабарыка ў чэрвені 2020 года
Фота: фэйсбук-акаўнт Віктара Бабарыкі

25 лютага, Позірк. Экс-палітвязень Віктар Бабарыка не выключыў удзелу ў сумленных прэзідэнцкіх выбарах.

“Не хацелася б, скажу шчыра, — адзначыў ён у інтэрв’ю парталу “Зеркало“. — Гэтак жа, як мне не хацелася ў 2020 годзе, да моманту прыняцця рашэння. Па адной простай прычыне. Я б вельмі хацеў, каб нараджаліся людзі, якія будуць дыхаць табе ў спіну і абыходзіць цябе”.

У сувязі з гэтым Бабарыка заявіў, што “вельмі не хацеў бы, каб за гэты час не нарадзілася і не з’явілася новых лідараў“, якія падзяляюць яго каштоўнасці “або якія робяць і якія могуць зрабіць для іх дасягнення больш“, чым ён.

Калі ж гэтага не будзе і ён будзе ў стане, то, “вядома, так”: “Я ўсё ж такі хачу бачыць тую Беларусь, якую хачу бачыць для сябе, для сваіх дзяцей і ўнукаў”.

Паводле слоў Бабарыкі, да яго можна ўжыць тэрміны “палітык” і “беспрацоўны банкір”, але не “палітычны актывіст”.

“Што маецца на ўвазе пад палітыкам? З майго пункту гледжання, гэта той, хто мае магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, што тычыцца грамадства. Гэта значыць палітыка — гэта агульнае дабро, праца дзеля таго, каб прыносіць нейкае дабро. Калі з гэтага пункту гледжання палітык, то так, я мяркую нешта рабіць для таго, каб паспрабаваць ці не проста паспрабаваць, а працягнуць тое, што было пачата ў 2020 годзе… Калі мы гаворым пра палітычны актывізм з пункту гледжання гутарковага жанру — абмяркуем палітычную тэму, то мне, напрыклад, такая роля не вельмі падабаецца. Паразмаўляць — гэта так, гэта цікава. Але каб сказаць, што гэта мая асноўная мэта — наўрад ці. Што тычыцца былога банкіра і беспрацоўнага — так, і я нават магу дадаць: амаль пенсіянера”, — падкрэсліў 62-гадовы Бабарыка.

Гаворачы аб санкцыях, ён заявіў аб неабходнасці падзяляць падыходы: “Ёсць абмежаванні, якія накіраваныя супраць прадпрыемстваў, людзей, уцягнутых актыўна або пасіўна ў забеспячэнне вайны. Па-мойму, тут [гэта] пытанняў ні ў каго не выклікае: што, безумоўна, спрыяць ці глядзець проста так на тое, што робіцца для таго, каб вайна працягвалася, нельга”.

Разам з тым, звярнуў Бабарыка ўвагу, ёсць санкцыі, якія закранаюць інтарэсы простых людзей: “У гэтым сэнсе (і наколькі я ведаю, гэта транслюе ў тым ліку і офіс Святланы Ціханоўскай, і гэта добра) трэба падзяляць рэжым і людзей. Многія рэчы робяцца не непасрэдна [праз] санкцыі, а як наступствы абмежаванняў. Вось што ёсць праблемай. Рахункі не адкрываюцца ці праблемы з пашпартамі — бо гэта ж не праблема санкцый, гэта праблема наступстваў. Давайце, можа быць, вырашаць праблему наступстваў абмежаванняў, якія адбіваюцца на людзях?”

Пазіцыю сваю і паплечнікаў Бабарыка назваў адназначнай: “Усё, што можа спрыяць і не закранае інтарэсаў неўцягнутых структур, людзей, арганізацый у вайну, з гэтым можна працаваць. Трэба працаваць, выбіраць, размаўляць, і гэта кажуць усе”. Пры гэтым “мы ўсе хочам спыніць працу фабрыкі вытворчасці палітвязняў — гэта адназначная ўмова”.

Бабарыка падкрэсліў, што ён з Марыяй Калеснікавай — адна каманда: “Я лічу, сіла бабарыканцаў была ў адзінстве разумення сістэмы каштоўнасцяў і прынцыпаў узаемаадносін. Але гэта не значыць адзінства поглядаў і хаджэнні строем у адным і тым жа кірунку… Маша — самадастатковы чалавек, Іван Краўцоў, Антон Раднянкоў, ну і ўсе члены каманды — яны на самай справе рэальна добра рэалізаваныя людзі”.

Экс-кіраўнік “Белгазпрамбанка“, палітык Віктар Бабарыка знаходзіўся ў зняволенні з 18 чэрвеня 2020 года. Доўгі час правёў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада).

У рамках палітычна матываванай крымінальнай справы абвінавачаны ў легалізацыі (адмыванні) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. 6 ліпеня 2021 года прысуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі.

13 снежня 2025 года вызвалены пасля перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам разам са 122 іншымі палітвязнямі (уключаючы Калеснікаву). Беларускія ўлады вывезлі іх ва Украіну, пасля яны змаглі выехаць у краіны ЕЗ.

14 снежня міністр унутраных спраў ФРГ Александэр Добрындт паведаміў, што Бабарыка і Калеснікаву афіцыйна прыме Нямеччына. З 19 снежня яны знаходзяцца ў гэтай краіне.

Падзяліцца: