Мінск 15:30

Белгідрамет упершыню ў гісторыі папярэдзіў аб 40-градуснай спякоце

Ілюстратыўнае фота: onliner.by

3 жніўня, Позірк. Штармавое папярэджанне “аб небяспечнай з’яве, якая адпавядае чырвонай, найвышэйшай, узроўню небяспекі”, выпусціў 3 жніўня Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет).

Паводле яго прагнозаў, 4 жніўня “па поўдні [краіны] максімальная тэмпература паветра дасягне +35..+36°C”.

На гэты ж дзень ведамства аб’явіла аранжавы ўзровень небяспекі “па захадзе” ў сувязі з тым, што там чакаюцца навальніцы, месцамі моцныя ліўні і “шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с”. МНС распаўсюдзіла яго на Брэсцкую, Гомельскую і Гродзенскую вобласці.

У Белгідрамеце прагназуюць, што “днём 5 жніўня на большай частцы тэрыторыі краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30..+34°C, месцамі, а па поўдні ў многіх раёнах +35..+38°C”.

Днём 6 жніўня “ў многіх раёнах <…> максімальная тэмпература паветра дасягне +35..+40°C, месцамі +30..+34°C”.

29 чэрвеня Белгідрамет паведаміў аб устаноўленым “новым нацыянальным рэкордзе спякоты, які склаў 40,4 градуса. Такая тэмпература была зафіксавана “пасля 14:00” у Пінску.

Папярэджанне аб 40-градуснай спякоце служба выдае ўпершыню ў сваёй гісторыі.

Падзяліцца: