Мінск 16:52

“Белавія” плануе 3–5 сакавіка вяртаць з Дубая ў Мінск пасажыраў, чыі рэйсы былі скасаваныя

Ілюстрацыйнае фота з тэлеграм-канала "Белавія"

3 сакавіка, Позірк. Нацыянальная авіякампанія “Белавія” плануе 3 сакавіка забраць з Дубаю (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) і даставіць у Мінск пасажыраў з авіяквіткамі на аналагічны рэйс, які меўся вылецець 28 лютага.

Паводле інфармацыі авіяперавозчыка, рэгулярныя рэйсы, якія звязваюць беларускую сталіцу і найбуйнейшы горад ААЭ, 4 і 5 сакавіка скасаваныя.

“У гэтыя даты плануюцца вывазныя рэйсы: самалёт вылеціць з Мінска без пасажыраў і даставіць у Беларусь пасажыраў з Дубая. <…> Цяпер ідзе працэс атрымання дазволаў на выкананне гэтых рэйсаў”, — адзначыла кампанія.

Авіякампанія або тураператары звяжуцца з пасажырамі гэтых адмысловых рэйсаў па “кантактных звестках, пазначаных пры рэзервацыі”.

Паведамляецца, што пасажыры скасаваных рэйсаў таксама могуць аформіць вяртанне поўнага кошту квітка (па месцы набыцця) або бясплатна перанесці вылет па тым жа маршруце з захаваннем класа абслугоўвання (пры наяўнасці свабодных месцаў).

Перавозчык папярэдзіў, што рашэнне абмяняць квіток трэба прыняць не пазней за 15 сакавіка. Пасля гэтай даты па такіх авіяквітках можна будзе аформіць толькі вяртанне.

“Авіякампанія робіць усе высілкі, каб звесці да мінімуму нязручнасці для пасажыраў, выкліканыя сітуацыяй у рэгіёне”, — паведаміла “Белавія”.

2 сакавіка “Белавія” паведаміла пра перанос на 3 сакавіка чартарнага рэйса з Мінска ў Доху і назад — у сувязі з працягам забароны на палёты грамадзянскай авіяцыі ў паветранай прасторы Катара.

28 лютага пра магчымыя змены ў раскладзе рэйсаў паведаміў нацыянальны аэрапорт Мінск.

Ранкам 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі распачалі ваенныя дзеянні ў Іране, раздаліся выбухі ў Тэгеране, Ісфахане і Куме. Спачатку ўлады ў Тэль-Авіве заявілі пра “прэвентыўны” ўдар, а пазней абвясцілі пра пачатак аперацыі “Ільвіны рык”. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што яго краіна нанясе “цяжкі ўдар па тэрарыстычным рэжыме” і створыць умовы, “якія дазволяць іранскаму народу скінуць з сябе гэты цяжар”.

Міністэрства вайны ЗША абвясціла пра пачатак аперацыі “Эпічная лютасьць”. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп выступіў са зваротам, у якім назваў яе мэты — знішчэнне ракет, разгром флоту, прадухіленне стварэння ядзернай зброі і свабода для іранскага народа.

У сваю чаргу Іран спачатку запусціў ракеты па Ізраілі, а пасля — па амерыканскіх базах у краінах Блізкага Усходу.

Паводле даных Нацыянальнага агенцтва па турызме, цяпер у краінах Блізкага Усходу знаходзіцца больш за 3 тыс. турыстаў з Беларусі. У Арабскіх Эміратах адпачывае больш за 2,5 тыс. чалавек, у Амане — 319, у Катары — каля 200 чалавек, паведаміў дзяржаўны анлайн-партал news.by са спасылкай на Нацыянальнае агенцтва па турызме. У статыстыку ўключаныя турысты, якія набывалі пуцёўкі праз турагенцтвы.

Падзяліцца: