Мінск 20:55

На сустрэчы з Коўлам абмеркаваны вызваленне палітвязняў і магчымая паездка Лукашэнкі ў ЗША

Джон Коўл у Мінску 19 сакавіка
Фота: "Пул Первого"

19 сакавіка, Позірк. Магчымая паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі абмеркавана на яго сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам 19 сакавіка ў Мінску, вынікае са слоў апошняга.

“Будзем працаваць над тым, каб гэта арганізаваць”, — цытуе Коўла неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі.

Таксама, паводле яго, абмеркавана “сітуацыя ў Венесуэле”.

Прадстаўнік ЗША “сцвярджальна адказаў” на пытанне, ці варта чакаць у кароткатэрміновай перспектыве прамога двухбаковага кантакту паміж Лукашэнкам і Дональдам Трампам, “няхай гэта будзе асабістая сустрэча або тэлефонная размова”, паведамляюць дзяржСМІ.

Акрамя таго, Коўл згадаў тэму аднаўлення працы амбасады ЗША ў Мінску: “Перад нашай паездкай сюды мы правялі шырокія кансультацыі з Дзярждэпартаментам ЗША, іншымі ўцягнутымі структурамі. Работа ідзе ў тым напрамку. Я не магу назваць ніякіх канкрэтных дат. Але работа ідзе, і абодва бакі пагадзіліся з тым, што гэта вельмі важна”.

Паводле слоў прадстаўніка Трампа, Вашынгтон таксама зацікаўлены ў паляпшэнні адносін паміж Мінскам і Вільнюсам.

На сустрэчы Лукашэнка згадаў тэму палітвязняў, якая таксама з’яўляецца часткай парадку дня беларуска-амерыканскіх перамоваў.

“Куды ж мы падзенемся ад праблемы, якую Крыс (намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт, удзельнічае ў перамовах. — “Позірк”.) вельмі кантралюе. Так званыя палітвязні. Хоць я ўвесь час схіляю вас да таго, што ў нас няма палітычных артыкулаў і ніякіх палітвязняў у нас няма. Ёсць правапарушальнікі”, — сказаў ён (цытата паводле паведамлення прэс-службы).

“Але мы з вамі абмяркоўвалі завочна гэту праблему, у перапісках. Думаю, што ў асноўным мы прыйшлі да пэўнай думкі. І беларускі бок гатовы прытрымлівацца нашых з вамі дамоўленасцей. Думаю, што асаблівых тут праблем не будзе. Як і па іншых пытаннях нашага парадку дня”, — дадаў Лукашэнка.

Некалькі гадзін раней праваабарончы цэнтр “Вясна“ паведаміў, што “як мінімум з двух беларускіх калоній учора вывезлі частку палітвязняў“. Размова аб магілёўскай ПК № 15 і наваполацкай КП № 1 (Віцебская вобласць).

“У мінулыя разы перад масавым вызваленнем палітвязняў іх перавозілі з калоній у мінскае СІЗА КДБ — адтуль ужо пазней вывозілі з краіны”, — нагадваюць праваабаронцы.

Падрабязная інфармацыя не прыводзіцца.

Таксама ў тэлеграм-канале дэмакратычнага лідэра Святланы Ціханоўскай апублікавана інфармацыя аб “гарачай лініі” для сваякоў палітвязняў, якія вызваліліся. Там жа яна заклікае “не спекуляваць” на тэме і дачакацца “афіцыйнай інфармацыі”.

Як правіла, візіты прадстаўнікоў адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа суправаджаюцца вызваленнем часткі палітвязняў па выніках перамоваў з Лукашэнкам. У абмен магчымае прыпыненне санкцый, як гэта ўжо адбылося з “Белавія“ і “Беларуськаліем“.

Лукашэнка, у адрозненне ад Ціханоўскай, ніколі не наведваў ЗША з афіцыйным візітам, але выступаў у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку.

11 лютага яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант паведаміла, што той не прыме ўдзел у першым пасяджэнні стваранага Трампам “Савета міру” 19 лютага ў Вашынгтоне. Яна патлумачыла гэта тым, што беларускі бок “позна” атрымаў запрашэнне.

Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі, прадстаўляць Менск на сустрэчы ў Вашынгтоне павінен быў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, але і ён туды не паляцеў — паводле інфармацыі МЗС Беларусі, не змагла атрымаць амерыканскія візы.

Лукашэнка падпісаў дакумент аб далучэнні Беларусі да “Савета міру” 20 студзеня.

11 верасня 2025 года Коўл пасля сустрэчы з Лукашэнкам у Мінску заявіў, што вяртанне амбасады ЗША ў Мінск — “пытанне найбліжэйшай будучыні”.

Мінск адклікаў раней выдадзеную згоду на назначэнне на той момант паверанай у справах ЗША Джулі Фішэр паслом у жніўні 2021 года. Штат дыпмісіі таксама быў істотна скарочаны на патрабаванне беларускіх уладаў. З таго часу краіны ўзаемна прадстаўлены часовымі паверанымі.

20 ліпеня 2020 года паслом Беларусі ў ЗША быў прызначаны намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, стаўшы першым на такой пасадзе за 12 гадоў. Аднак у сувязі з наступнымі падзеямі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года дыпламат да Вашынгтона не даехаў. Ён раптоўна сканаў 25 снежня 2020 гады.

28 лютага 2022 года пасольства ЗША ў Мінску спыніла аказваць консульскія паслугі. З таго часу беларускія грамадзяне маглі праходзіць сумоўе для атрымання гасцявой, турыстычнай, дзелавой візы, напрыклад, у Азербайджане, Грузіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Польшчы, Сербіі, студэнцкай — у Польшчы, Казахстане.

Падзяліцца: