Мінск 10:40

Мінінфарм забараніў яшчэ 13 кніг, у тым ліку твор пра дыктатара

7 кастрычніка, Позірк. Пералік забароненых да распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданняў папоўніўся яшчэ 13 кнігамі, вынікае з абнаўленняў на сайце Міністэрства інфармацыі.

У спіс “друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь” дададзеныя кнігі Мадэста Гарсіа “Злачынствы ў малюнках для дзяцей. Хто вінаваты?” і “Злачынствы ў малюнках: забойства або самагубства?” — інтэрактыўныя дэтэктыўныя гульні-галаваломкі, разлічаныя на дзяцей і адаптаваныя для дарослага ўзросту.

Таксама ў пералік уключаныя кнігі Алексіс Патан “Тыя нешматлікія, што нясуць смерць” і “Тыя нешматлікія, што нясуць цемру”, — дзве часткі постапакаліптычнай рамантычнай трылогіі, якая змяшчае эратычны сцэны.

У спіс уключаная кніга “Ноа” Марка Леві, у якой, як адзначаецца ў адным з апісанняў твора, героі “спрабуюць спыніць жорсткага дыктатара, які выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі, збор персанальных звестак і сучасныя лічбавыя тэхналогіі для татальнага кантролю над грамадствам і маніпулявання грамадскай думкай”.

Таксама ў спіс уключаныя: “Прыстанішча смерці” (аўтар Марал Атмаджа), “Ненадзейная кроў” (Марыя Салаўёва), “Ілюзія падзення” (Лія Аструм), “Арахнід” (І.В.Афелія), “Конгруэнт” (Вераніка Дэсманд), “Дарагуша” (Сі Джэй Скьюз), “Пакой” (Х’юберт Сэлбі-малодшы), “Спіс ценяў” (Джэйд Прэслі). У гэтых кнігах прысутнічаюць эратычныя сцэны і сцэны гвалту.

Цяпер у пераліку 271 выданне.

Увесну пералік забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі друкаваных выданняў папоўніўся 17 кнігамі.

Акрамя таго, мастацкая і гістарычная літаратура таксама пастаянна папаўняе “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які таксама вядзе Міністэрства інфармацыі.

Падзяліцца: