Мінск 12:55

За паўтара года зафіксавана амаль 1,5 тыс. службовых злачынстваў — даныя Генпракуратуры

Фота: Генпракуратура

7 кастрычніка, Позірк. 1,5 тыс. службовых злачынстваў зафіксавана ў Беларусі за апошнія паўтара года, паведаміў генеральны пракурор Дзмітрый Гара, выступаючы 7 кастрычніка са штогадовым дакладам у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Найбольшую долю сярод службовых злачынстваў склалі крадзяжы і хабарніцтва, перадае словы чыноўніка прэс-служба нагляднага ведамства. Да адказнасці прыцягнута больш за 1,2 тыс. чалавек, дзесяць з іх займалі “адказнае становішча”, сказаў Гара.

Па выніках праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства ўзбуджана 236 крымінальных спраў.

Гара заявіў, што асаблівая ўвага надаецца барацьбе з неабгрунтаваным пасрэдніцтвам, перш за ўсё пры правядзенні закупак.

У прыватнасці, выяўлена маштабная схема подкупу службовых асоб арганізацый прамысловасці, сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і дарожнага будаўніцтва пры пастаўках электраабсталявання. Паводле слоў генпракурора, памер хабараў складаў да 10% кошту абсталявання, якое закуплялася, і дасягаў 190 тыс. рублёў, агульная сума выяўленых хабараў перавысіла 750 тыс. рублёў.

Праз парушэнні заканадаўства аб закупках адменена больш за 1,3 тыс. працэдур на агульную суму звыш 330 млн рублёў.

Генпракурор адзначыў, што ў 2025 і 2026 гадах па ініцыятыве пракурораў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 210 юрыдычных асоб, у тым ліку замежных. Агульная сума накладзеных штрафаў склала 2 млн рублёў.

Гаворачы аб агульнанагляднай дзейнасці, Гара адзначыў, што органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі органамі ўлады, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі праведзена больш за 13 тыс. праверак. Па іх выніках звыш 59 тыс. фізічных і юрыдычных асоб прыцягнутыя да розных відаў адказнасці.

Па патрабаваннях пракурораў вінаватыя ў пазасудовым парадку пакрылі прычыненую шкоду на суму каля 105 млн рублёў.

У Беларусі пяты год запар пагаршаецца сітуацыя з карупцыяй, сведчыць “Індэкс успрымання карупцыі”, які штогод вылічаецца ў лютым міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International (штаб-кватэра ў Берліне).

Індэкс вызначаецца на аснове ўспрымання ўзроўню карупцыі экспертамі і прадстаўнікамі бізнесу 180 краін і тэрыторый. Дзяржавам прысвойваюць балы — ад 0 (сур’ёзная карупцыя) да 100 (поўная адсутнасць карупцыі).

Па выніках 2025 года Беларусь набрала 31 бал (у 2024-м — 33, у 2023-м — 37, у 2022-м — 39, у 2021-м — 41, у лепшым для сябе 2020-м — 47) і падзяліла 124-е месца (годам раней 114-е ) з Джыбуці, Манголіяй, Нігерам, Турцыяй і Узбекістанам.

Падзяліцца: