Мінск 23:10

Зяленскі ў Дзень Волі: Беларусь нельга губляць

Архіўнае фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

25 сакавіка, Позірк. З віншаваннем беларусам з Днём Волі выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

“Гэта дзень народа, які яшчэ мусіць выпакутаваць і здабыць для сябе сапраўдную незалежнасць і рэальную бяспеку”, — гаворыцца ў допісе, які размешчаны ў яго акаўнце ў сацсетцы X па-беларуску.

Беларусь, лічыць Зяленскі, прайшла няпростыя павароты гісторыі: “І тое, што ўвагі Еўропы для Беларусі не хапіла ў ключавыя моманты, — гэта факт. Але Беларусь нельга губляць. І дакладна не варта пакідаць па-за ўвагай народ Беларусі”.

“Тое, што [Аляксандр] Лукашэнка абраў менавіта гэты дзень для паездкі ў Пхеньян (25–26 сакавіка ён наведвае Паўночную Карэю з афіцыйным візітам. — “Позірк”.) — далей ад свайго народа і бліжэй да сваёй мары пра пажыццёвую сямейную ўладу, — вельмі красамоўна сведчыць пра ягоныя намеры”, — лічыць палітык.

Еўропу ён назваў супольнасцю вольных народаў: “Тут не павінна быць месца спадчынным дыктатурам. Тут не павінна быць месца рэжымам, якія зарабляюць гандлем суверэнітэтам і дапамогай у тэроры ды агрэсіях”.

Кіраўнік суседняй дзяржавы зычыў “волі беларускаму народу” і падзякаваў “тым беларусам, якія стаяць побач з украінцамі ў абароне ад расійскай агрэсіі”.

Скончыў віншаванне Зяленскі воклічам “Жыве Беларусь!”

25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.

У Беларусі гэтая дата афіцыйна не адзначаецца. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі пагражаюць затрыманнямі і судамі, як мінімум паводле адміністрацыйных абвінавачанняў. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, паслядоўна дэманізуюцца дзяржпрапагандай.

Святкаванне з 21 сакавіка праходзіць у Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах. Следчы камітэт, як і ў мінулым годзе, пагражае удзельнікам святкавання Дня Волі за мяжой крымінальным пераследам і канфіскацыяй маёмасці на радзіме.

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны ў Дзень Волі зноў запатрабавалі разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю

25 сакавіка, Позірк. Разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю зноў запатрабавала міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднанне “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. У заяве, прынятай 25 сакавіка да 108-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, утрымліваецца заклік да прэзідэнта, парламента і ўрада прызнаць …

Падзяліцца: