Мінск 21:21

Мінфін ЗША афіцыйна зняў яшчэ адну частку санкцый з Беларусі ў абмен на вызваленне палітвязняў

Ілюстрацыя: pixabay.com

26 сакавіка, Позірк. Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) 26 сакавіка афіцыйна зняло абмежаванні з “Беларуськалія“ і Беларускай калійнай кампаніі (БКК), вынікае з паведамлення ведамства.

Акрамя таго, знятыя санкцыі з украінскага “Агроросквіта ” (Кіеў), даччынага прадпрыемства БКК.

Выдадзеная генеральная ліцэнзія № 13 таксама здымае абмежаванні з іншых арганізацый, у якіх названыя тры кампаніі маюць долю не менш за 50%.

У прэс-рэлізе OFAC адзначаецца, што ў адпаведнасці з генеральнай ліцэнзіяй № 14 дазволеныя аперацыі з удзелам “Белінвестбанка”, “Белінвест-інжынірынгу”, “Белбізнеслізінгу” (звязаны з калійным сектарам), а таксама арганізацыямі, у якіх яны маюць долю мінімум 50%.

OFAC таксама вызначыла па ўзгадненні з Дзяржаўным дэпартаментам, што “абставіны больш не апраўдваюць забароны”, накладзеныя на Міністэрства фінансаў і Банк развіцця Беларусі.

Па выніках сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 дазволена застацца на радзіме, а 15 было вывезена ў Літву (трое пасля накіраваліся ў Польшчу). У адказ адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа паабяцала зняць яшчэ частку санкцый (з “Белінвестбанка“, Банка развіцця, Міністэрства фінансаў, “Беларуськалія“, Беларускай калійнай кампаніі).

13 снежня 2025 года пасля перамоваў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні. Амерыканскі дыпламат заявіў, што ЗША на ўказанне прэзідэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.

15 снежня OFAC апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій“ і ААТ “Беларуская калійная кампанія“ (БКК).

Падзяліцца: