Мінск 20:30

“Бі-бі-сі“ расцэньвае прызнанне сайта ў Беларусі экстрэмісцкім як спробу крыміналізацыі незалежнай журналістыкі

1 красавіка, Позірк. Пра “глыбокую занепакоенасць” унясеннем беларускімі ўладамі сайта рускай службы “Бі-бі-сі” ў спіс “экстрэмісцкіх” матэрыялаў заявіла прэс-служба згаданай брытанскай медыякарпарацыі.

Адзначаны апасенні за наступствы для “сот тысяч жыхароў Беларусі, якія кожны тыдзень звяртаюцца да “Бі-бі-сі” ў пошуках так неабходнай ім дакладнай і бесстаронняй інфармацыі”.

У карпарацыі заявілі, што “адпрэчваюць гэты крок беларускіх уладаў, які закліканы крыміналізаваць незалежную журналістыку”.

“Бі-бі-сі” з’яўляецца самай дакладнай крыніцай міжнародных навін у свеце, і мы застаемся адданыя нашай аўдыторыі ў Беларусі”, — гаворыцца ў заяве.

Аб тым, што суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт інтэрнэт-партала карпарацыі “Бі-бі-сі” стала вядома 30 сакавіка.

У адпаведны спіс Міністэрства інфармацыі ўключаны сайт “BBC News Руская служба”, пры гэтым у якасці ідэнтыфікатара ў пераліку пазначаны галаўны партал медыя bbc.com.

Паводле інфармацыі на сайце рускай службы “Бі-бі-сі” адным з яе партнёраў з’яўляецца беларускае СМІ “Люстэрка” часткі былой каманды беларускага партала tut.by.

Падзяліцца: