Мінск 18:00

Украіна і РФ у чацвёрты раз ад пачатку 2026 года абмяняліся палоннымі праз тэрыторыю Беларусі

Фота: Каардынацыйны штаб Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі

11 красавіка, Позірк. Украіна і Расія ў чацвёрты раз ад пачатку 2026 года абмяняліся палоннымі праз тэрыторыю Беларусі — па 175 вайсковых і 7 цывільных з кожнага боку.

Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адзначыў 11 красавіка ў сваім тэлеграм-канале, што вызваленыя суграмадзяне — вайскоўцы Узброеных сіл, Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай пагранічнай службы. “Нашы ваяры абаранялі Украіну на розных напрамках: у Марыупалі, на ЧАЭС, на Данецкім, Луганскім, Харкаўскім, Херсонскім, Запарожскім, Сумскім, Кіеўскім, Курскім кірунках. Сярод іх маюцца параненыя. Большасць знаходзілася ў палоне з 2022 года. І нарэшце — дома”, — адзначыў палітык.

Каардынацыйны штаб Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі ўдакладніў, што ў ліку вызваленых вайскоўцы Вайскова-марскіх сіл, Сухапутных войскаў, Паветраных сіл, Дэсантна-штурмавых войскаў, Вайсковых сіл правапарадку, Сіл беспілотных сістэм, тэрытарыяльнай абароны. Адзначаецца, што “атрымалася вызваліць 25 афіцэраў, якіх раней расійскі бок катэгарычна адмаўляўся абменьваць”.

Наймаладзейшаму ўкраінскаму вызваленаму — 22 гады, найстарэйшаму — 63 гады.

Штаб падзякаваў за садзейнічанне ў арганізацыі абмену Злучаным Штатам Амерыкі і Аб’яднаным Арабскім Эміратам.

Расійскія СМІ са спасылкай на Міністэрства абароны сваёй краіны таксама пацвердзілі абмен палоннымі.

“11 красавіка з падкантрольнай кіеўскаму рэжыму тэрыторыі вернутыя 175 расійскіх вайскоўцаў. Узамен перададзеныя 175 ваеннапалонных УСУ. Таксама вернутыя сямёра грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія незаконна ўтрымліваліся кіеўскім рэжымам, — жыхары Курскай вобласці, якія будуць дастаўленыя дадому”, — заявіла ваеннае ведамства, адзначыўшы, што пасярэднікам у гэтым працэсе выступілі ААЭ.

На тое, што абмен адбыўся праз тэрыторыю Беларусі, паказвае распаўсюджаная расійскімі СМІ заява ўпаўнаважанай па правах чалавека ў РФ Таццяны Маскальковай пра вызваленне цывільных асоб.

“Апошнія курскія закладнікі сёння вернуцца на радзіму. Яны выехалі з Украіны і рухаюцца ў бок Беларусі. Еду сустракаць”, — сказала амбудсмэн.

Першы ў 2026 годзе абмен ваеннапалоннымі паміж Украінай і РФ праз Беларусь адбыўся 5 лютага (па 157 чалавек з кожнага боку), другі — 5 сакавіка (па 200), трэці — 6 сакавіка (па 300).

Падзяліцца: