Мінск 17:50

РФ вывезла з Лівана шэсць грамадзян Беларусі

Бейрут
Ілюстрацыйнае фота: Piotr Chrobot / unsplash.com

24 красавіка, Позірк. На пачатку гэтага тыдня Расія вывезла з Лівана шэсць беларускіх грамадзян, паведаміла на брыфінгу 24 красавіка афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава.

Паводле слоў Захаравай, у адпаведнасці з даручэннем расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна 21 красавіка спецборт МНС РФ даставіў у Бейрут партыю гуманітарнай дапамогі — мабільныя электрастанцыі, прадукты харчавання, намёты, коўдры, матрацы і падушкі (агулам 28 тон).

“Рэйсам назад ажыццёўлены вываз у Маскву 67 грамадзян Расійскай Федэрацыі і 6 грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах праз рэзкае абвастрэнне сітуацыі ў Ліване”, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік расійскага МЗС.

Адметна, што беларускія дзяржСМІ заявілі пра 60 вывезеных беларусаў.

Сітуацыя ў Ліване абвастрылася пасля таго, як 28 лютага 2026 года была распачатая сумесная ізраільска-амерыканская ваенная аперацыя супраць рэжыму аятолаў у Іране. Пазней Ізраіль — у адказ на адноўленыя абстрэлы сваёй тэрыторыі з Лівана праіранскай групоўкай “Хізбала” — актывізаваў дзеянні супраць яе.

8 красавіка Арміяй абароны Ізраілю быў абвешчаны пачатак у Ліване ваеннай аперацыі “Вечная цемра”. 17 красавіка набыло моц 10-дзённае спыненне агню.

Падзяліцца: