Мінск 20:07

Грамадзянін РФ, які атрымаў позву ў войска, не змог вылецець з Мінска ў Тбілісі і Ерэван — праваабаронцы

27 красавіка, Позірк. Грамадзянін Расіі, які атрымаў позву ў войска, не змог вылецець з мінскага аэрапорта ў краіны Паўднёвага Каўказа, паведамляе праваабарончы праект “Рух свядомых адмоўнікаў“.

Адзначаецца, што прызыўнік родам з Санкт-Пецярбурга, у вылеце з Беларусі яму адмовілі мінскія памежнікі.

Паводле звестак праваабаронцаў, позву ў войска мужчына атрымаў у пачатку красавіка гэтага года, у дакуменце ўтрымлівалася патрабаванне з’явіцца ў ваенкамат для праходжання медкамісіі, “адначасова з гэтым у электронным рэестры з’явілася забарона на выезд з Расіі“.

Прызыўнік, як паведамляецца, паспрабаваў выехаць з РФ праз Беларусь. Спачатку ён перасякаў сухапутную мяжу, але быў зняты з рэйса і вернуты ў Расію. “У другі раз ён паехаў праз Смаленск на цягніку, дзе праверак не было. Так ён змог дабрацца да Беларусі. Але ўжо ў аэрапорце Мінска яго не прапусцілі на рэйс у Тбілісі 23 красавіка. Крыху пазней, 25 красавіка, яму адмовілі ў выездзе па ўнутраным пашпарце ў Ерэван. Ва ўсіх выпадках ніякіх пісьмовых дакументаў не выдалі, толькі вусныя тлумачэнні”, — гаворыцца ў паведамленні.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што раней з Расіі ў Беларусь прызыўнікам можна было выехаць бесперашкодна, пры гэтым Беларусь “традыцыйна лічыцца бяспечным маршрутам выезду“.

У паведамленні выказваецца здагадка, што памежныя ведамствы дзвюх краін пачалі абменьвацца дадзенымі з “электроннага рэестра воінскага ўліку і рэестра позваў“.

Падзяліцца: