Мінск 14:28

У Беларусі плануецца ўвесці ліцэнзаванне ветэрынарнай дзейнасці, праблемную сельскую гаспадарку гэта не закране

Карова, выгляд якой абурыў Аляксандра Лукашэнку падчас наведвання сельгаспрадпрыемства "Купалаўскае" 26 сакавіка 2019 года
Відэазапіс: "Беларусь 1" / стоп-кадр: "Позірк"

28 красавіка, Позірк. Праект закона “Аб змяненні законаў па пытаннях ветэрынарнай дзейнасці” ўнёс урад у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, паведаміла прэс-служба ніжняй палаты.

Законапраект распрацаваны для “ўдасканалення законаў “Аб ветэрынарнай дзейнасці” і “Аб ліцэнзаванні” з улікам практыкі іх прымянення, прывядзення ў адпаведнасць з міжнародна-прававымі актамі, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза”.

Дакумент прадугледжвае, у прыватнасці, пашырэнне паўнамоцтваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ў галіне ветэрынарнай дзейнасці і аднясенне да ліцэнзуемай ветэрынарнай дзейнасці”па прафілактыцы, дыягностыцы хвароб жывёл і іх лячэнні, за выключэннем прафілактыкі, дыягностыкі хвароб і лячэння сельскагаспадарчых жывёл пры вытворчасці прадуктаў жывёльнага паходжання ў рамках вытворчага цыкла”.

13 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб рэестры вытворцаў кармоў і кармавых дабавак”. Згодна з указам, з 1 студзеня 2027 года ў рэестр павінны быць уключаны вытворцы кармоў і кармавых дабавак для сельскагаспадарчых жывёл. Дзейнасць вытворцаў, не ўключаных у пералік, будзе лічыцца незаконнай.

На нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці 3 лютага Лукашэнка сярод іншага заявіў, што праблема падзяжу жывёлы ў краіне не вырашаная і яна “ўласцівая не толькі Віцебскай вобласці”.

“Чаму я кажу пра падзеж? Гэта ж маральная пачварнасць, калі мы не можам абараніць, асабліва ў гэтае цяжкае надвор’е, братоў сваіх меншых. Як можна не абараніць кацяняці, парася, цяля, сабачку?!” — сказаў прамоўца.

24 кастрычніка 2025 года на нарадзе аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом у краіне буйной рагатай жывёлы ён заявіў, што “самае галоўнае — нельга працу ў жывёлагадоўлі ператвараць у крымінальную дзейнасць“.

Тэму падзяжу палітык лічыць адной з самых набалелых у сельскай гаспадарцы. Паводле слоў Лукашэнкі, негатыўныя тэндэнцыі зафіксаваныя ў 51 раёне краіны (у 13 з іх падзеж павялічыўся ў 1,5 раза і болей).

У сакавіку 2019 года падчас наведвання сельгаспрадпрыемства “Купалаўскае“ ў родным Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці Лукашэнка абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў. Ён загадаў адхіліць датычных ад пасад і распачаць крымінальныя справы. Адну з кароў ён назваў “абасранай”, што было паказана ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў (гл. стоп-кадр).

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (каровы, быкі і інш.) на канец лютага 2026 года склала 3.865.925 галоў — на 3,7% менш, чым было годам раней (4.013.038), вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу даных Белстата.

Паводле аналізу “Позірку”, зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы адзначаецца з пачатку 2019 года, калі ў краіне налічвалася 4 млн 336,7 тыс. галоў. На пачатак 2020 года іх было 4 млн 290,8 тыс., 2021-га — 4 млн 287,7 тыс., 2022-га — 4 млн 232,4 тыс., 2023-га — 4 млн 209,3 тыс., 2024-га — 4 млн 197,1 тыс., 2025-га — 4 млн 97,9 тыс.

Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам у ліпені 1994 года. На пачатак 1995-га пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў краіне складала 5 млн 403,3 тыс.

Падзяліцца: