Мінск 20:44

Вызвалены і вывезены ў Польшчу палітвязень Анджэй Пачобут (абнаўляецца)

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск сустракае Анджэя Пачобута
Фота: Х-акаўнт Дональда Туска

28 красавіка, Позірк. Вызвалены і вывезены з Беларусі ў Польшчу журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут.

На мяжы з Польшчай паміж краінамі адбыўся “шпіёнскі” абмен паводле формулы “5 на 5”.

20:21. Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі паведаміў, што ў верасні 2025 года як новы прэзідэнт Польшчы звярнуўся да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, каб той не забыўся на зняволенага Пачобута і ўзнімаў гэтае пытанне на ўсіх перамовах з беларускім рэжымам. Паводле слоў Наўроцкага, лёс вязня абмяркоўваўся падчас яго сустрэчы 27 красавіка са спецпасланнікам Трампа па Беларусі Джонам Коўлам. “Коўл пацвердзіў, што на асабістую просьбу Дональда Трампа разглядае справу Анджэя Пачобута як прыярытэтную”, — распавёў польскі прэзідэнт.

19:12. Праваабарончая арганізацыя Article 19 вітала вызваленне Пачобута, які “правёў больш за пяць гадоў у турме ў Беларусі паводле палітычна матываваных абвінавачанняў“. “Мы прызнаем гэты дыпламатычны прарыў пасля працяглых перамоў. У той жа час, хоць гэта і вызваленне іншых палітычных зняволеных з’яўляюцца падставай для святкавання, мы не павінны выпускаць з-пад увагі той факт, што Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым не адыходзяць ад свайго аўтарытарнага шляху. Мы яшчэ раз падкрэсліваем, што ўсе палітвязні павінны быць вызваленыя, а рэпрэсіі ў Беларусі — спыніцца“, — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Article 19 падкрэслівае, што вызваленне Пачобута не азначае адмены санкцый ці нармалізацыі дыпламатычных стасункаў. “Хутчэй яго вызваленне падкрэслівае важнасць пастаяннага міжнароднага ціску, уключаючы дыпламатычныя намаганні і абмежавальныя меры, для забеспячэння вызвалення несправядліва зняволеных. Акрамя таго, як неаднаразова падкрэслівалася, <…> па меры вызвалення адных зняволеных адначасова арыштоўваюцца многія іншыя. Рэпрэсіі не спыніліся, а працягваюцца і ўзмацняюцца“, — пішуць аўтары.

18:09. У інтэрв’ю Gazeta Wyborcza Пачобут паведаміў, што сёння яго разбудзілі ў 3 гадзіны ночы. “Мне сказалі, што мяне пераводзяць. Добра, я думаў, што патраплю ў турму строгага рэжыму ў Магілёве, і нават радаваўся гэтаму, бо ўмовы там былі лепшыя, чым у Наваполацку. Але я здзівіўся, калі мне сказалі забраць свае рэчы“, — сказаў Пачобут. Паводле слоў журналіста, спачатку ён адмовіўся ехаць у Польшчу: “Я папрасіў гарантыі, што мне дазволяць вярнуцца. Яны прывялі чыноўніка з Адміністрацыі прэзідэнта і патэлефанавалі польскаму часоваму паверанаму ў справах. Я спытаўся, ці магу я вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў гэта. Беларускія чыноўнікі таксама пацвердзілі гэта“.

Пачобут паведаміў, што два гады жыў з адкрытым круглы год акном, а ў 2021 годзе яго змяшчалі ў камеру для прыгавораных да смяротнага пакарання: “Яны думалі, што запалохаюць мяне, зломяць, але я не зламаўся“. Па словах Пачобута, зараз ён важыць 74 кг, тры гады таму было 93.

17:28. Канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы пацвердзіла вызваленне манаха-кармеліта Гжэгажа Гавела. Яшчэ адзін вызвалены — “беларус, які супрацоўнічаў з польскімі спецслужбамі“. Яго імя не называецца.

17:00. Лідар неафіцыйнага Саюза палякаў Анжаліка Борыс, якая пражывае ў Беларусі, паведаміла, што на Пачобута не накладваліся абмежаванні ў пытанні вяртання на радзіму. “Такія запэўненні мы сёння пачулі з Анджэем [на пагранпераходзе] у Белавежы“, — дадала яна. На першай фатаграфіі вызваленага Пачобута бачна, як ён трымае ў руцэ беларускі пашпарт. Шмат якіх палітвязняў вывозілі з краіны без пашпартоў, толькі з часовымі даведкамі. Сам Пачобут, як неаднаразова паведамлялася са спасылкай на яго самога, адмаўляўся пакідаць Беларусь у абмен на вызваленне. Першым жа пытаннем, з якім ён звярнуўся да прэм’ер-міністра Дональда Туска, які прыбыў на мяжу, была тэма вяртання. Кіраўнік польскага кабінета адказаў, што Пачобут вольны чалавек і вырашае сам.

16:55. “Цудоўнай навіной“ назвала вызваленне Пачобута прэзідэнт Еўрапейскага парламента Раберта Метсола. “Вельмі рада бачыць на волі лаўрэата прэміі Еўрапарламента [“За свабоду думкі“] імя Сахарава Анджэя Пачобута!“ — напісала яна.

16:45. “Анджэй Пачобут, палітычны зняволены рэжыму Лукашэнкі, кавалер Ордэна Белага Арла, на волі!“ — заявіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі. Ён падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за садзейнічанне ў вызваленні журналіста. Наўроцкі заявіў, што Пачобут — “чалавек, які даказаў, наколькі моцная польская ідэнтычнасць, прыхільнасць польскім каштоўнасцям, і які заплаціў за гэта вельмі высокую цану ў цяжкай турме рэжыму Лукашэнкі“. Ён запрасіў Пачобута ў прэзідэнцкі палац пасля завяршэння працэсу адаптацыі, каб уручыць яму галоўную польскую ўзнагароду.

16:35. Джон Коўл падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за гатоўнасць да “канструктыўнага ўзаемадзеяння з ЗША”. Паводле яго слоў, “гэты гістарычны вынік стаў магчымы дзякуючы лідарству прэзідэнта Трампа, намаганням Крыса Сміта і яго каманды ў Дзярждэпартаменце, а таксама цеснай каардынацыі з шэрагам давераных партнёраў”. “Мы дзякуем Польшчы, Малдове і Румыніі за іх неацэнную падтрымку ў гэтай працы”, — дадаў Коўл.

16:12. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл далі ў Варшаве прэс-канферэнцыю з нагоды вызвалення Пачобута. “Шаноўнае спадарства, радуемся, ён у нас! — сказаў Сікорскі. — Праз 1.860 дзён зняволення ва ўмовах строгага рэжыму наш гераічны суайчыннік, вязень справы свабоды Анджэй Пачобут знаходзіцца ў Польшчы цэлы і здаровы. Гэта цудоўны дзень. Гэта прыклад цеснага польска-амерыканскага саюза. Гэты дзень не быў бы магчымы без прэзідэнта Дональда Трампа, яго рашэння і яго спецыяльнага пасланніка спадара Коўла, а таксама цэлай каманды Дзярждэпартамента. Хачу сардэчна падзякаваць усім, хто прыняў удзел у гэтай аперацыі, перш за ўсё супрацоўнікам нашых спецслужбаў, а таксама кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі, пракуратуры, супрацоўнікам МЗС, якія ў супрацоўніцтве з польскімі і амерыканскімі інстытуцыямі і інстытуцыямі некаторых іншых дзяржаў, якія скаардынавалі свае дзеянні, змаглі дайсці да сённяшняга абмену“.

“Анджэй Пачобут не адзіны вызвалены паляк, але ўсе мы ведаем, што ён сімвал прыхільнасці да польскасці, а таксама да свабоды СМІ і журналістаў“, — заявіў кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства.

Сікорскі выказаў надзею, што вызваленне Пачобута дапаможа перазагрузцы польска-беларускіх стасункаў, аднак ініцыятыва ў гэтым пытанні належыць Лукашэнку. “Я не хачу даваць пустых абяцанняў, таму што падобныя „ілжывыя світанкі“ ўжо здараліся“, — сказаў міністр.

Джон Коўл паведаміў, што збіраецца з чарговым візітам у Беларусь “праз два-тры тыдні“, перадае DW. Ён падкрэсліў, што ЗША скіраваныя на вызваленне ўсіх палітвязняў.

16:03. Вызваленне Пачобута пракаментаваў кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна“ (дзейнічае ў выгнанні), лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, былы палітвязень Алесь Бяляцкі: “Я вельмі рады вызваленню журналіста, сапраўднага героя Анджэя Пачобута з лукашэнкаўскай турмы. Але не забываемся, што ў гэтай турме яшчэ сотні палітзняволеных чакаюць свайго вызвалення. Таму змагаемся за іх вызваленне, пакуль усе беларускія палітзняволеныя не выйдуць на свабоду“.

15:48. На 17.30 (16.30 паводле польскага часу) у Варшаве запланаваная прэс-канферэнцыя прэм’ер-міністра краіны Дональда Туска. Магчымы ўдзел Анджэя Пачобута, якога ён сустрэў на мяжы. Польскае тэлебачанне будзе весці трансляцыю.

15:33. Дональд Туск раскрыў некаторыя падрабязнасці перагаворнага працэсу: “Абмен на польска-беларускай мяжы стаў кульмінацыяй складанай дыпламатычнай гульні, якая доўжылася два гады і поўная драматычных паваротаў. Поспех быў забяспечаны дзякуючы выдатнай працы нашых службаў, дыпламатаў і пракурораў, а таксама вялізнай дапамозе нашых амерыканскіх, румынскіх і малдаўскіх сяброў. Дзякую вам усім ад імя Анджэя Пачобута і ад сябе асабіста“.

15:29. Апроч Пачобута вызвалены польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел, паведамляе ініцыятыва “Хрысціянская візія“. Прэзідэнт Малдовы Мая Санду паведаміла аб вызваленні двух суайчыннікаў. У Беларусь перададзены расійскі археолаг Аляксандр Буцягін, арыштаваны ў Польшчы на запыт Украіны, і былы намеснік Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандр Балан, які працаваў на беларускі КДБ. Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл паведаміў, што ён і яго каманда дапамаглі вызваліць “трох палякаў і двух малдаван“.

15:24. Прэм’ер-міністр Дональд Туск назваў Пачобута нязломным. “Я змагу туды вярнуцца?” — гэта былі яго першыя словы. “Толькі ты вырашаеш. Ты ўжо свабодны чалавек”, — адказаў ён”, — напісаў Туск.

15:15. Вызваленне журналіста Пачобута — “вялікая радасць для яго сям’і” і “ўсіх тых, хто падтрымліваў і чакаў Анджэя ўвесь гэты час”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. “Ён правёў за кратамі больш за пяць гадоў толькі таму, што не адмовіўся ад праўды і сумленна пісаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Яго стойкасць, годнасць і непахіснасць сталі прыкладам для ўсіх нас”, — напісала палітык. Дэмлідар адзначыла, што “шчыра радая за Анджэя і яго блізкіх, якія вытрымалі гэты цяжкі шлях” і падзякавала “ўсім, хто змагаўся за яго вызваленне, перш за ўсё — кіраўніцтву Польшчы, ЗША і нашым еўрапейскім партнёрам”.

14:58. Абмен адбыўся на непрацуючым памежным пераходзе Перароў (Брэсцкая вобласць) — Белавежа.

14:52. Намеснік галоўнага рэдактара польскай “Газеты Выборчай” Раман Імельскі публікуе фатаграфію вызваленага Пачобута (справа). Бачна, што ён значна страціў у вазе.

14:49. На вызваленне Пачобута адрэагавала Святлана Ціханоўская: “Выдатная навіна: Анджэй Пачобут на свабодзе! Пасля многіх гадоў несправядлівага зняволення і ізаляцыі ён нарэшце можа ўздыхнуць з палёгкай. Мы бязмерна ўдзячныя польскаму ўраду, ЗША, ЕС і ўсім, хто нястомна змагаўся за Анджэя — сапраўднага польска-беларускага, еўрапейскага героя”.

14:45. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі зрабіў рэпост запісу Туска ў “Х” пра вызваленне Пачобута.

14:20. Пачобута на мяжы сустрэў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. “Анджэй Пачобут вольны! Вітаю ў польскім доме, дружа!” — напісаў Туск у “Х” і дапоўніў запіс фатаграфіяй сустрэчы. На ёй відаць, што Пачобут трымае ў руцэ беларускі пашпарт. Многія вывезеныя з краіны палітвязні былі пазбаўлены свайго пасведчання асобы. Раней неаднаразова паведамлялася, што Пачобут адмаўляецца выязджаць з Беларусі, таму нібыта яго не адпускаюць.

У бліжэйшы час у польскім МЗС адбудзецца прэс-канферэнцыя з нагоды вызвалення Пачобута.

14:10. Беларускія дзяржСМІ назвалі абмен “кульмінацыяй складанага і працяглага перамоўнага працэсу паміж КДБ Беларусі і Агенцтвам разведкі Польшчы”, які ажыццяўляўся паводле прамога даручэння Аляксандра Лукашэнкі.

Паведамляецца, што, “паводле слоў удзельнікаў абмену, перамовы пачаліся яшчэ ў верасні 2025 года”, а адпраўной кропкай да іх арганізацыі паслужыў зварот да Лукашэнкі “асобных лідараў дружалюбных нам краін”, пасля чаго ім “былі дадзеныя адпаведныя даручэнні Камітэту дзяржаўнай бяспекі”. Сцвярджаецца, што Лукашэнка “асабіста ўдзельнічаў у абмеркаванні дэталяў абмену ў ходзе двухбаковых кантактаў з нашымі саюзнікамі”.

“У перыяд закрытых перамоў паміж КДБ Беларусі і Агенцтвам разведкі Польшчы з прычыны рознай зацікаўленасці ўзнікла неабходнасць уключыць у працэс спецслужбы іншых краін. У канчатковым выніку ў ім удзельнічалі спецорганы сямі дзяржаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку аперацыі дзесяць грамадзян розных краін вызвалены і “атрымалі магчымасць уз’яднацца з сем’ямі”. Сярод вызваленых у тым ліку грамадзяне Беларусі, “якія выконвалі асабліва важныя заданні ў інтарэсах забеспячэння нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці нашай краіны”. Лёс гэтых людзей “на ўсіх этапах іх дзейнасці” “на асаблівым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі”.

“З улікам асабістай просьбы да прэзідэнта Беларусі маці Андрэя Пачобута”, які адбываў пакаранне “за здзяйсненне шэрагу асабліва цяжкіх злачынстваў”, і лідара неафіцыйнага Саюза палякаў Анжалікі Борыс Лукашэнка “даручыў КДБ уключыць асуджанага ў гэты абменны працэс”.

Лукашэнка даў “канкрэтныя даручэнні” старшыні КДБ Івану Церцелю “аказаць усю неабходную дапамогу грамадзянам, вызваленым у выніку абмену, якія праявілі высокі прафесіяналізм, стойкасць і мужнасць пры выкананні задач у інтарэсах дзяржавы”.

Напярэдадні стала вядома, што спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл наведаў Варшаву, дзе 27 красавіка сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім і міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім. Гэта вынікае з публікацый на старонках згаданых польскіх палітыкаў у сетцы Х.

Канцылярыя Наўроцкага абмежавалася канстатацыяй факта сустрэчы і фота. Сікорскі, размясціўшы на сваёй старонцы адпаведную інфармацыю МЗС, падпісаў яе “Важныя справы”.

Падрабязнасці сустрэч не прыводзіліся.

Даведка “Позірку”. Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі рашэннем Гродзенскага абласнога суда 8 лютага 2023 года. Працэс адбываўся у закрытым рэжыме. Праз два дні пасля гэтага Польшча на знак пратэсту закрыла пункт пропуску Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца). Пункт аднавіў працу 17 лістапада 2025 года.

Падзяліцца: