Мінск 12:49

Сайт беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org пацярпеў ад хакерскай атакі і цяпер не працуе

Ілюстрацыя на старонцы бібліятэкі ў "Фэйсбуку"

7 траўня, ПозіркСайт kamunikat.org пацярпеў ад хакерскай атакі і цяпер не працуе, паведаміў на старонцы аднайменнай беларускай інтэрнэт-бібліятэкі ў “Фэйсбуку” кіраўнік гэтай ініцыатывы Яраслаў Іванюк.

“Аднак весткі пра нашу смерць, так як і пра смерць беларускай культуры і мовы, як казаў класік, заўчасныя і крыху перабольшаныя, — напісаў ён. — Хаця трэба прызнаць, што атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей, але мы не здаемся. Ва ўмовах узмацнення рэпрэсій супраць беларускай культуры і мовы, Kamunikat.org быў не толькі бібліятэкай, але і інструментам абароны культурнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай, а таксама платформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасці. Хакерская атака чарговы раз пацвердзіла, што Камунікат — гэта важны культурніцкі праект, які як соль у воку для спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі”.

Іванюк падкрэсліў, што ініцыятыва “будзе змагацца” і адбудуе “адзін з найважнейшых незалежных архіваў беларускай культуры”. Разам з тым ён не выключыў, што гэта зойме шмат часу.

3 сакавіка Камітэт дзяржбяспекі прызнаў адным “экстрэмісцкім фарміраваннем” шэраг выдавецкіх структур — “Фонд Kamunikat.org”, Lohvinau Publishing House ды Andrei Yanushkevich Publishing.

У верасні 2025 года сайт электроннай бібліятэкі kamunikat.org быў унесены ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які вядзе Міністэрства інфармацыі.

Kamunikat.org — найбуйнейшая інтэрнэт-бібліятэка беларускай літаратуры, якая давала карыстальнікам вольны доступ да тысяч кніг, газет і часопісаў. На ім быў багаты архіў як класічных твораў, так і рэдкіх выданняў беларускай дыяспары. Пляцоўка актыўна развівала сучасныя фарматы, прапаноўваючы вялікую калекцыю аўдыякніг.

Падзяліцца: