Мінск 16:49

Справай пра атаку на беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat могуць заняцца пракуратура і ABW Польшчы

Ілюстрацыя на старонцы бібліятэкі ў "Фэйсбуку"

12 траўня, Позірк. Беластоцкае ўпраўленне Цэнтральнага бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю паліцыі Польшчы 11 траўня пацверджзіла прыём заявы кіраўніка беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat Яраслава Іванюка пра магчымае злачынства ў сувязі з нядаўняй хакерскай атакай на рэсурс.

“Супрацоўнікі, якія прымалі заяву, паставіліся да справы вельмі сур’ёзна. Як мяне запэўнілі, яшчэ на гэтым тыдні справа будзе перададзеная ў пракуратуру, а, магчыма, таксама ў Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW)”, — напісаў кіраўнік праекта на сваёй старонцы ў “Інстаграме”, прыклаўшы фрагмент дакумента, які сведчыць пра прыём яго заявы польскімі праваахоўнікамі.

Сайт бібліятэкі (kamunikat.org) пацярпеў ад хакерскай атакі 7 траўня. Тады Іванюк паведаміў, што “атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу многіх людзей”. Пасля стала вядома, што архіў бібліятэкі атрымалася аднавіць. Сайт пакуль не працуе.

3 сакавіка Камітэт дзяржбяспекі прызнаў адным “экстрэмісцкім фарміраваннем” шэраг выдавецкіх структур — “Фонд Kamunikat.org”, Lohvinau Publishing House ды Andrei Yanushkevich Publishing.

У верасні 2025 года сайт электроннай бібліятэкі Kamunikat быў унесены ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, які вядзе Міністэрства інфармацыі.

Kamunikat.org — найбуйнейшая інтэрнэт-бібліятэка беларускай літаратуры, якая давала карыстальнікам вольны доступ да тысяч кніг, газет і часопісаў. На ім быў багаты архіў як класічных твораў, так і рэдкіх выданняў беларускай дыяспары. Пляцоўка актыўна развівала сучасныя фарматы, прапаноўваючы вялікую калекцыю аўдыякніг.

Падзяліцца: