Мінск 16:49

Пархамовіч прызначаны кіраўніком Гомеля — пасля года працы абласным інспектарам

Новы кіраўнік Гомеля Руслан Пархамовіч
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

12 траўня, Позірк. Шэраг прызначэнняў у Гомельскай вобласці ўзгадніў 12 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Старшынёй Мазырскага райвыканкама стаў былы кіраўнік Петрыкаўскага раёна Аляксандр Верамееў (Лукашэнка наведваў гэты раён 26 красавіка), а генеральным дырэктарам ААТ “Беларускі металургічны завод — кіроўнай кампаніі холдынгу “Беларуская металургічная кампанія” (Жлобін) — Аляксандр Саковіч.

45-гадовы памочнік палітыка — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч узначаліў Гомельскі гарвыканкам. Варта адзначыць, што чыноўнік прапрацаваў на ранейшай пасадзе крыху больш за год — з сакавіка 2025-га (да таго каля трох гадоў быў міністрам архітэктуры і будаўніцтва).

ДзяржСМІ паведамляюць, што пры прызначэнні Пархамовіча Лукашэнка адзначыў “сур’ёзны досвед” новага кіраўніка Гомеля. “Вялікі досвед, вельмі вялікі — член урада, з кадрамі давялося працаваць. Думаю, гэта Івану Іванавічу [Крупко, старшыні Гомельскага аблвыканкама] будзе добрая дапамога”, — сказаў ён.

“Людзі там вельмі добрыя. У Гомелі і на Гомельшчыне ўвогуле людзі добрыя. Таму працаваць там можна. Я вельмі спадзяюся, што з прыходам новага мэра Гомеля там усё пойдзе ў лепшы бок, тым больш, досвед маеш прыстойны. Таму вельмі хачу, каб у цябе атрымалася”, — цытуе палітыка неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы.

Уладзімір Прывалаў, што сыходзіць з пасады старшыні Гомельскага гарвыканкама, быў у цэнтры ўвагі СМІ пасля таго, як летась 17 снежня ў горадзе здарыўся “выбух газапаветранай сумесі” ў кватэры на 7-м паверсе 10-павярховага дома (вул. Косарава, 3). У выніку выбуху “адбылося абвальванне пліт перакрыццяў жылых пакояў з восьмага па шосты паверхі”, была “пашкоджаная вонкавая сценавая панэль дома”. Частку жыхароў эвакуявалі, загінула адна жанчына.

У дзень прызначэння Пархамовіча Прывалаў у сваім тэлеграм-канале падзякаваў гамяльчанам “за сумесную працу”. “Галоўнае багацце Гомеля — гэта людзі. Ваша энергія, мудрасць, цярпенне і шчырая любоў да роднага горада ператвараюць самыя смелыя планы ў рэальныя справы”, — напісаў ён.

Падзяліцца: