Ціханоўская: Заробкі беларускіх медсясцёр сорамна назваць услых

12 траўня, Позірк. На цяжкія ўмовы працы медыцынскіх сясцёр у Беларусі звярнула ўвагу дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы іх 12 траўня з прафесійным святам.
Падзякаваўшы медсёстрам за працу, палітык, як паведамляе яе прэс-служба, падкрэсліла, што тыя першымі “бачаць чалавека ў кепскім стане, заўважаюць, калі нешта ідзе не так, прымаюць дзясяткі маленькіх рашэнняў на працягу змены”. Пацыенты, на яе думку, часам глядзяць на медсясцёр, як “на апошнюю надзею”.
Ціханоўская адзначыла, што нярэдка праца медсясцёр выглядае наступным чынам: “20-гадзінная змена, перапоўненыя палаты, пусты кабінет старшай медсястры, бо яна ўжо пабегла на іншы паверх. Ноч, калі трэба адначасова сачыць за пяццю цяжкімі пацыентамі”.
“І заробак, які сорамна назваць услых. Сістэма нібыта кажа: вашай адказнасці нам дастаткова, астатняе неабавязкова. Але так не мае быць. Адказнасць не замяняе нармальных умоў працы. Чалавек, які часта адказвае за амаль усё аддзяленне, заслугоўвае не толькі падзякі, але і дастойнай аплаты, адпачынку і павагі. Не некалі, а цяпер”, — падкрэсліла дэмлідар.
У сваю чаргу Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) у Міжнародны дзень медыцынскай сястры заявіў, што “за сухім [тэрмінам] сярэдні медыцынскі персанал” стаіць “цяжкая і адказная праца за зусім невялікія грошы”.
“Медсёстры — аперацыйная аснова функцыянавання аховы здароўя, — гаворыцца ў заяве АПК. — А на рынку працы маладыя людзі параўноўваюць цяжкую зменную працу ў бальніцах і паліклініках, эмацыйнае выгаранне і пагарду чыноўнікаў з альтэрнатывамі ў ІТ, лагістыцы, сэрвісах або офіснай працы”.
Хаця ўлады рэгулярна заяўляюць, што ў краіне няма праблемы з медыцынскімі кадрамі, на сайце Дзяржаўнай службы занятасці на ранак 12 траўня мелася 1,8 тыс. вакансій медсясцёр. Найбольш у гэтых работніках маюць патрэбу медустановы Мінска (645 вакансій). Далей ідуць Брэсцкая (308), Мінская (206), Гродзенская (193), Магілёўская (176), Віцебская (144) і Гомельская (126) вобласці.
Спыніць “ныць і плакаць” праз недахоп у Беларусі медработнікаў запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка ў Мінску на адкрыцці 42-й гарадской паліклінікі.
На яго думку, у Беларусі “людзей хапае”: “Трэба выбудаваць сістэму так, каб тыя людзі, якія маюцца, маглі працаваць і зарабляць, і абслугоўваць насельніцтва. Гэта больш як на 200 працэнтаў тычыцца Міністэрства аховы здароўя. Медыкі як прэзідэнт: колькі трэба, столькі і працуюць”.
У накіраваным у красавіку 2025 года ў ААН дакладзе кааліцыі няўрадавых арганізацый пра выкананне краінай абавязацельстваў па правах чалавека ў рамках чацвёртага цыкла Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) гаварылася, што праз рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў забеспячэнне медыцынскай дапамогай у Беларусі стала пагаршаецца.
Адзначалася, што ў Беларусі зафіксавана шмат выпадкаў прыпынення дзейнасці прыватных медыцынскіх цэнтраў.
Падтрымка ўладамі ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны яшчэ больш пагоршыла недахоп жыццёва неабходных медыкаментаў і медыцынскага абсталявання, нягледзячы на рост патрэбы ў іх.
Аўтары дакумента канстатавалі, што недахоп медыцынскага персаналу працягвае пагаршацца, чаму садзейнічаюць масавы ад’езд урачоў з краіны праз неспрыяльныя ўмовы працы, недастатковую аплату і палітычныя рэпрэсіі.
11 чэрвеня 2025 года начальніца галоўнага ўпраўлення кадравай працы і прафесійнай адукацыі Мінздароўя Вольга Калюпанава заявіла, што ў ахове здароўя Беларусі “існуе дастаткова добры кадравы рэсурс, самая вялікая задача — гэта рацыянальнае іх выкарыстанне”.
Пасля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку медыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць гвалту і катаванняў над людзьмі. Кіраўніцтва бальніц звальняла нелаяльных медыкаў, хаця сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спецыялізацый.
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля 26 спакойных дзён Польшча зноў зафіксавала актыўнасць мігрантаў на мяжы з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ першым квартале Беларусь дзяліла з Кыргызстанам другое месца ў ЕАЭС па кошце бензіну (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 13 траўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка



