Ухвалены праект пагаднення са Шры-Ланкай аб паветраных зносінах

13 траўня, Позірк. Праект міжурадавага пагаднення паміж Беларуссю і Шры-Ланкай аб паветраных зносінах ухвалены ўказам № 160 Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе яго прэс-служба.
Адзначаецца, што праект пагаднення зацверджаны “ў якасці асновы для правядзення перамоваў”.
На перамовы, згодна з дакументам, упаўнаважана Міністэрства транспарту і камунікацый.
Прэс-служба Міністэрства замежных спраў паведаміла 13 траўня аб сустрэчы ў Мінску кіраўніка ведамства Максіма Рыжанкова з міністрам замежных спраў, працаўладкавання за мяжой і турызму Шры-Ланкі Віджытай Хератам.
Сярод іншага Херат паведаміў на сустрэчы, што “з улікам дружалюбных міждзяржаўных адносін” грамадзяне Беларусі змогуць уязджаць на Шры-Ланку па бясплатных электронных візах.
Аб афіцыйным візіце Херата ў Беларусь з 12 па 15 траўня паведамлялася напярэдадні. Анансаваная яго сустрэча з Лукашэнкам.
Таксама запланаваныя сустрэчы кіраўніка МЗС Шры-Ланкі з міністрамі адукацыі і аховы здароўя Беларусі. Падчас візіту “мяркуецца падпісанне з Рэспублікай Беларусь шэрагу мемарандумаў аб узаемаразуменні і пагадненняў у розных сферах“.
10 кастрычніка 2025 года амбасадар Беларусі ў Індыі і Шры-Ланцы па сумяшчальніцтве Міхаіл Касько абмеркаваў з намеснікам міністра транспарту, аўтамабільных дарог, партоў і грамадзянскай авіяцыі Шры-Ланкі Капілай Перэрай “шэраг актуальных пытанняў супрацоўніцтва ў сферы грамадзянскай авіяцыі”.
“Кіраўнік беларускай дыпмісіі адзначыў, што адкрыццё з кастрычніка 2025 года прамых чартарных авіярэйсаў з Беларусі ў Шры-Ланку з’яўляецца знакавай падзеяй напярэдадні святкавання 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных стасункаў паміж краінамі, — гаварылася ў паведамленні МЗС. — Бакі пагадзіліся, што неабходна рухацца далей у гэтым кірунку і выйсці ў найбліжэйшы час на падпісанне Пагаднення аб паветраных зносінах, якое дасць магчымасць запусціць рэгулярныя авіязносіны паміж Мінскам і Каломба”.
Мінск мяркуе, што “гэта створыць камфортныя ўмовы для падарожжаў грамадзян і стане дадатковым стымулам для развіцця супрацы ў адукацыйнай, турыстычнай і эканамічнай сферах”.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікай Шры-Ланка ўсталяваныя 20 лістапада 2000 года.
Паводле даных на сайце амбасады Беларусі ў Індыі, у 2021 годзе тавараабарот са Шры-Ланкай вырас да 39,6 млн долараў (+23,7%), беларускі экспарт павялічыўся да 31 млн (+27,2%), імпарт — да 8,5 млн долараў (+13%). Асноўная экспартная прадукцыя ў Шры-Ланку — калійныя ўгнаенні, імпартная — гарбата і раслінныя валокны.
Актуальных даных пра ўзаемны гандаль на сайце амбасады не прадстаўлена.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПасля 26 спакойных дзён Польшча зноў зафіксавала актыўнасць мігрантаў на мяжы з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ першым квартале Беларусь дзяліла з Кыргызстанам другое месца ў ЕАЭС па кошце бензіну (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 13 траўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства


