Мінск 19:06

4,9 тыс. еўрапейцаў наведала Беларусь на падставе бязвізу за мінулы тыдзень

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

18 траўня, Позірк. З 11 па 18 траўня ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 4.902 жыхары еўрапейскіх краін (з 4 па 11 траўня — 4.408), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд прыбыло 1.854 грамадзяніны Літвы (1.684), 1.318 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.179), 897 грамадзян Польшчы (780), 833 грамадзяніны іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (765).

З сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь наведаў 1.329.761 жыхар Еўропы. З Латвіі прыбыло 425.162 замежнікі, Літвы — 688.695, Польшчы — 146.344. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь уехала 69.560 чалавек.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Андоры, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: