Мінск 06:33

Лукашэнка зноў запрасіў у Беларусь кіраўніцтва Афрыканскага саюза, ранейшыя запрашэнні засталіся без адказу

Сцяг Афрыканскага саюза
Ілюстрацыя: Yadesa Bojia / wikimedia.org

25 траўня, Позірк. Запрашэнне дэлегацыі Афрыканскага саюза наведаць Мінск “для разгляду перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння” аднавіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 25 траўня з Днём Афрыкі старшыню гэтай арганізацыі — прэзідэнта Бурундзі Эварыста Ндайішыміе і лідараў іншых краін аб’яднання.

Віншавальнік, тэкст паслання якога апублікавала яго прэс-служба, таксама заявіў, што будзе рады асабіста сустрэцца з Ндайішыміе, каб абмеркаваць пытанні “актуальнага парадку дня, у тым ліку беларуска-бурундыйскіх стасункаў”.

На думку Лукашэнкі, для кожнага народа на кантыненце Дзень Афрыкі “мае глыбокі сэнс”, паколькі стварэнне роўна 63 гады таму Арганізацыі афрыканскага адзінства (з 2002 года — Афрыканскі саюз) стала “паваротным момантам у сусветнай гісторыі, які азнаменаваў рашучы разрыў з каланіяльным мінулым”.

“Гэтае свята назаўсёды застанецца сімвалам мужнасці, самаахвярнай барацьбы за права быць гаспадарамі на роднай зямлі, трыумфу ідэі агульнаафрыканскай салідарнасці, — адзначыў ён. — Беларусь з вялікай павагай ставіцца да гістарычнай спадчыны. Мы бачым, як сёння, абапіраючыся на трывалы фундамент незалежнасці, краіны Афрыкі ўпэўнена трансфармуюцца ў магутны і ўплывовы цэнтр шматпалярнага свету».

Лукашэнка заявіў, што Беларусь “ганарыцца сваім укладам у падтрымку працэсаў дэкаланізацыі Афрыкі і імкнецца паслядоўна развіваць сяброўскія стасункі з яе дзяржавамі”.

“Рэалізаваныя намі праекты з шэрагам афрыканскіх краін па комплекснай механізацыі сельскай гаспадаркі, фармаванні сэрвісных цэнтраў і навучанні спецыялістаў ужо даказалі эфектыўнасць, забяспечылі рэальны рост ураджайнасці і ўмацаванне эканамічнай самастойнасці нашых партнёраў, — падкрэсліў віншавальнік. — Гатовыя да пашырэння супрацы таксама ў сферах харчовай бяспекі, энергетыкі. Упэўненыя, згаданыя аспекты могуць стаць асновай для паглыблення дыялогу паміж Беларуссю і Афрыканскім саюзам”.

У 2025-м Лукашэнка віншаваў з Днём Афрыкі прэзідэнта Анголы Жаау Лаўрэнсу, а ў 2024-м — прэзідэнта Маўрытаніі Махамеда ульд аш-Шэйха аль-Газуані, якія ў адпаведныя гады ўзначальвалі Афрыканскі саюз. Абодва разы ён запрашаў дэлегацыі аб’яднання наведаць Беларусь і абодва разы запрашэнні заставаліся без адказу.

У Афрыканскім саюзе 55 членаў (на кантыненце 64 дзяржаўныя ўтварэнні, уключаючы незалежныя краіны, залежныя тэрыторыі і самаабвешчаныя дзяржавы).

Паводле даных на сайце МЗС, Беларусь усталявала дыпламатычныя стасункі з 51 з 54 афрыканскіх краін. Дыпламатычныя прадстаўніцтвы маюцца ў Егіпце, Зімбабвэ, Кеніі, Нігерыі і ПАР.

Падзяліцца: