Мінск 20:42

Ціханоўская наведала беларускія мясціны ў Кіеве і ўшанавала памяць загінулых беларусаў

Фота: "Позірк"

26 траўня, Позірк. Шэраг беларускіх мясцін у Кіеве наведала 26 траўня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Ля народнага мемарыяла на Майдане Незалежнасці палітык адзначыла, што “беларусы і ўкраінцы стаялі побач у самыя драматычныя часы Рэвалюцыі годнасці”.

“Я вельмі ўдзячная, што ў сэрцы Кіева ёсць такое месца, дзе мы можам ушанаваць памяць нашых герояў, — сказала яна. — Пару дзён таму мы даведаліся пра смерць Ціхана Клюкача. Ужо агулам [вядома пра] 90 добраахвотнікаў і добраахвотніц, якія аддалі свае жыцці за свабоду Украіны і за свабоду Беларусі. Я вельмі ўдзячная валанцёрам-беларусам, якія шануюць гэтае месца, даглядаюць яго. Гэта вельмі важна, што мы, беларусы і ўкраінцы, разам змагаемся за вольнасць, за нашае права самім вызначаць сваю будучыню”.

Фота: "Позірк"

На мемарыяле актывісту Міхасю Жызнеўскаму (“Гэта першы наш герой з “Нябеснай сотні”, першы беларус, які загінуў адным з першых падчас Рэвалюцыі годнасці”) дэмлідар заявіла, что той застаецца сімвалам не толькі геаграфічнай, але і каштоўнаснай блізкасці беларусаў і ўкраінцаў.

“Мы ведаем, што пасля яго гібелі рэжым моцна прэсаваў яго сям’ю, але памяць пра яго немагчыма знішчыць, — сказала палітык. — Я ўпэўненая, што Міхась застаецца для многіх (асабліва для маладых) беларусаў сімвалам таго, што барацьба за свабоду патрабуе асабістай ахвяры і адказнасці. Вельмі сімвалічна для мяне, што гэты мемарыял усё яшчэ тут і кожны беларус можа прыйсці, каб ўшанаваць памяць нашага героя”.

Фота: "Позірк"

Ля помніка журналісту Паўлу Шарамету Ціханоўская заявіла, што той “быў чалавекам, які ўсё жыццё змагаўся за праўду”.

“Ён належыў двум народам — і Беларусі, і Украіне. Але, канешне, перш за ўсё ён быў чалавекам свабоды, — падкрэсліла яна. — Для нас Павел з’яўляецца сімвалам незалежнай журналістыкі і супраціву дыктатуры. Я асабіста яго не ведала, але я вельмі шмат чула пра яго. Ён аддаў жыццё за сваю прафесію. Сёння, шануючы памяць Паўла, мы таксама шануем усіх журналістаў, якія аддалі сваё здароўе, свабоду ці нават жыццё за сваю прафесію. Апошнія гады Павел правёў тут, у Кіеве, тут жа ён згубіў сваё жыццё”.

Дэмлідар таксама наведала помнік класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу. Яе намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў, што ідэя паставіць гэты помнік у Кіеве з’явілася ў яго падчас працы міністрам культуры.

“У 2010 годзе тут заклалі першы камень пад гэты помнік, а ўжо ў 2011-м, разам з міністрам культуры Міхаілам Кулінякам мы адкрывалі гэты помнік, — узгадаў палітык. — Ён сказаў, што Уладзімір Караткевіч — сімвал яднання беларускага і ўкраінскага народаў. На сённяшні дзень я разумею, наколькі актуальна тое, што ён сімвал яднання. Ён скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт — украінскую філалогію. Ён пісаў творы не толькі на беларускай, але таксама на ўкраінскай мове”.

Фота: "Позірк"

“Ён сказаў гэтыя прарочыя словы, што “беларускі народ толькі тады шчаслівым будзе, калі будзе жыць без панавання маскаля”. Уладзімір Караткевіч сваім творам “Каласы пад сярпом тваім” даў нам гэты гістарычны наказ, што трэба змагацца за сваю свабоду, як сёння змагаецца ўкраінскі народ, як сёння змагаецца беларускі народ”, — адзначыў ён.

Паведле слоў Латушкі, была ідэя каб “у большасці краін-суседак паўсталі помнікі, звязаныя з беларускімі класікамі, дзеячамі культуры”.

“Атрымалася адкрыць помнік Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу. Мы планавалі адкрыць [помнік] Францыску Скарыну ў Вільні. Але тады, на жаль, гэта не атрымалася. Але адкрылі дошку Францішку Багушэвічу ў Вільні, абнавілі дошку “Нашай Нівы” ў Вільні, Янку Купалу, Якубу Коласу ў Рызе. Я думаю, што такіх сімвалаў павінна паўставаць у свеце як мага больш, бо мы — еўрапейская нацыя, сусветная нацыя, мы маем чым ганарыцца”, — заявіў спікер.

Падзяліцца: