Мінск 17:34

Жыхар Мінска затрыманы за вырошчванне канопляў на даху хлява

Відэа: ГУУС Мінгарвыканкама Стоп-кадр: “Позірк”

2 чэрвеня, Позірк. ГУУС Мінскага гарвыканкама паведаміла 2 чэрвеня аб затрыманні 46-гадовага жыхара сталіцы, які на даху хлява вырошчваў каноплі.

У мужчыны канфіскавана 50 кустоў канопляў, святлодыёдныя лямпы, вугальныя фільтры, увільгатняльнік паветра і вентылятары, а таксама прыстасаванне для курэння.

Затрыманы паведаміў, што вырошчваў нарказмяшчальныя расліны для ўласнага спажывання. Насенне ён сабраў з дзікарослых канопляў, якія выявіў “выпадкова падчас прагулкі”, гаворыцца ў паведамленні.

“Устаноўлена, што хлеў належаў маці мужчыны, а сам ён пражываў з жонкай у суседнім доме. Ключы ад хлява былі толькі ў яго, і ніхто са сваякоў не ведаў пра тое, чым ён займаецца“, — адзначае міліцыя.

Узбуджана крымінальная справа. Праводзіцца праверка на дачыненне фігуранта да распаўсюджвання наркатычных сродкаў.

У 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных“ артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м, вынікае са звестак Вярхоўнага суда.

За ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327-331, 332), летась асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, або 92,2%, прызнана вінаватымі па арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: