Мінск 22:58

Накіравана ў суд справа намесніка дырэктара аграпрадпрыемства аб хабарах больш за 100 тыс. долараў

4 чэрвеня, Позірк. Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу 45-гадовага намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях аднаго з філіялаў буйнога прадпрыемства аграпрамысловага комплексу Гродзенскай вобласці. Справа была заведзеная паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару), паведамляе Генеральная пракуратура.

Службовай асобе інкрымінавана неаднаразовае прыняцце ў якасці хабараў матэрыяльных каштоўнасцяў у асабліва буйным памеры (больш за 100 тыс. долараў ЗША) ад кіраўніка замежнай камерцыйнай структуры за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю.

Грашовыя сродкі перадаваліся за забеспячэнне рэалізацыі прадукцыі філіяла ў адрас замежнага контрагента, у тым ліку за павелічэнне аб’ёмаў яе рэалізацыі.

Абраная раней у дачыненні да абвінавачанага мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пакінутая без змены.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 прыгаворана да пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.

Летась найбуйнейшы хабар быў атрымана ў крыптавалюце — на суму, эквівалентную 360 тыс. долараў, паведаміў у сакавіку прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш чым 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

Падзяліцца: