Мінск 13:41

Міліцыя праводзіць рэйды ля вадаёмаў, за абстаноўкай сочаць у тым ліку з дапамогай дронаў

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

27 чэрвеня, Позірк. На фоне спякотнага надвор’я “да месцаў масавага адпачынку” ля вадаёмаў “набліжаныя нарады” міліцыі, паведаміла 27 чэрвеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

“Сумесна з МНС, ТРВОД, добраахвотнымі дружынамі ды іншымі зацікаўленымі арганізаваныя рэйды. У працы выкарыстоўваюцца квадракоптары і сродкі персанальнай мабільнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі ведамства, колькасць адпачывальнікаў ля вадаёмаў узрасла, таму ў месцах адпачынку “павялічылася колькасць правапарушэнняў”.

“Самыя распаўсюджаныя з іх — купанне ў забароненых месцах, распіццё алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, з’яўленне ў нецвярозым выглядзе, незахаванне правілаў дарожнага руху, крадзяжы пакінутых без нагляду рэчаў”, — адзначыла МУС.

Міністэрства папярэдзіла, што ў такі час трэба надаць асаблівую ўвагу бяспецы дзяцей.

“Падчас летніх канікулаў у школьнікаў з’яўляецца шмат вольнага часу, — гаворыцца ў паведамленні. — Часта яны праводзяць спякотныя дні ля вадаёмаў, знаходзячыся ў кампаніі аднагодкаў без суправаджэння дарослых. Пры гэтым купаюцца ў непрызначаных для гэтага месцах, ныраюць з берагоў, выкарыстоўваюць плыты і надзіманыя матрацы”.

Бацькам трэба “рэгулярна тлумачыць дзецям, як паводзіцца на вадзе”, нагадваць, што “да 14 гадоў купанне дазволена толькі пад кантролем дарослых і ў прызначаных для гэтага месцах”.

Раней у гэты дзень Генеральная пракуратура паведаміла, што “ў разгар купальнага сезона” пачасціліся выпадкі ўтаплення дзяцей. Начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Вікторыя Фінкевіч заявіла, што ад пачатку года ў Беларусі патанула шэсць дзяцей, з якіх чацвёра — за апошнія два тыдні.

Падзяліцца: