Мінск 13:02

Рэзалюцыя ПАСЕ па барацьбе з транснацыянальнымі рэпрэсіямі можа дапамагчы беларусам за мяжой — фракцыя КР

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

27 чэрвеня, Позірк. Фракцыя Каардынацыйнай рады (КР) “Еўрапейскі выбар” вітае прыняцце рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па барацьбе з транснацыянальнымі рэпрэсіямі, якая “можа істотна паўплываць на вырашэнне праблем з пашпартамі і бяспекай тысяч беларусаў за мяжой”.

“Гэта не проста чарговы міжнародны дакумент, — адзначаецца ў тэлеграм-канале фракцыі. — У ім упершыню на такім узроўні прызнаецца, што аўтарытарныя рэжымы пераследуюць сваіх грамадзян далёка па-за межамі сваёй краіны, выкарыстоўваючы адміністрацыйныя, прававыя і эканамічныя механізмы ціску”.

“У рэзалюцыі падрабязна апісана, як гэта адбываецца. Да такіх формаў транснацыянальных рэпрэсій аднесеныя ануляванне або адмова ў выдачы пашпартоў, пазбаўленне консульскай дапамогі, злоўжыванне механізмамі Інтэрпола, фінансавая дыскрымінацыя і ціск на членаў сем’яў. Менавіта з гэтымі праблемамі сёння сутыкаюцца тысячы беларусаў у вымушанай эміграцыі”, — падкрэсліла група ў палітычнай структуры.

“Еўрапейскі выбар” звярнуў увагу на тое, што рэзалюцыя не толькі “прызнае праблему”, але і прапануе “шляхі яе вырашэння”: “ПАСЕ заклікае еўрапейскія дзяржавы ствараць альтэрнатыўныя механізмы выдачы дакументаў людзям, якіх рэжымы пазбавілі пашпартоў з палітычных матываў, забяспечваць доступ да банкаўскіх паслуг, улічваць рызыкі транснацыянальных рэпрэсій пры разглядзе хадайніцтваў аб міжнароднай абароне, а таксама ўводзіць адрасныя санкцыі супраць арганізатараў такіх пераследаў”.

“Фактычна гэтая рэзалюцыя ператварае прызнанне праблемы ў набор практычных інструментаў абароны, — гаворыцца ў паведамленні. — Яна дае еўрапейскім краінам выразныя арыенціры, як рэагаваць на ціск аўтарытарных рэжымаў і як абараняць людзей, якія сталі іх ахвярамі. За гэтым дакументам стаяць многія месяцы сумеснай працы парламентарыяў, экспертаў і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл розных краін”.

Фракцыя КР падзякавала кіраўніцы ПАСЕ Петры Байр, дакладчыку Канстанцінасу Эфстаціу, “кіраўніцтву Парламенцкай асамблеі і ўсім парламентарыям, якія падтрымалі гэтую важную ініцыятыву”.

“Асобная падзяка беларускай камандзе, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы экспертных матэрыялаў, кансультацыях і працы з аўтарамі рэзалюцыі, — адзначыла група ў палітычнай структуры. — Гэта Павел Латушка, Валерый Мацкевіч, Ксенія Луцкіна, Рыта Гаціх, Маргарыта Ворыхава, Павел Церашковіч ды іншыя прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, чый прафесійны ўнёсак дапамог зрабіць дакумент больш грунтоўным і набліжаным да рэальных патрэбаў беларусаў”.

“Еўрапейскі выбар” падкрэсліў, што цяпер рэкамендацыі ПАСЕ маюць “знайсці адлюстраванне ў нацыянальным заканадаўстве і адміністрацыйнай практыцы еўрапейскіх дзяржаў”, бо менавіта на гэтым узроўні “будуць прымацца рашэнні, якія тычацца выдачы дакументаў, доступу да банкаўскіх паслуг, абароны ад злоўжыванняў механізмамі Інтэрпола ды іншых пытанняў, што непасрэдна ўплываюць на жыццё беларусаў”.

“Важную ролю ў гэтай працы адыграюць нашы Народныя амбасады. Разам з беларускімі арганізацыямі, актывістамі, нацыянальнымі ўладамі і міжнароднымі партнёрамі мы будзем дамагацца таго, каб рэкамендацыі ПАСЕ не засталіся толькі тэкстам на паперы, а ператварыліся ў рэальныя механізмы абароны беларусаў у кожнай краіне, дзе яны жывуць”, — гаворыцца ў паведамленні.

ПАСЕ заклікала змагацца з транснацыянальнымі рэпрэсіямі, у тым ліку шляхам санкцый

27 чэрвеня, Позірк. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) выступіла з асуджэннем транснацыянальных рэпрэсій. У прынятай 25 чэрвеня рэзалюцыі "Процідзеянне транснацыянальным рэпрэсіям" адзначаецца, што "цяжкае становішча палітычных дысідэнтаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, не заканчваецца пасля таго, як у …
Падзяліцца: