Мінск 10:49

Візавыя цэнтры Польшчы 8 чэрвеня ўводзяць “верыфікаваны спіс чакання”

Сталіца Польшчы Варшава
Фота: "Позірк"

5 чэрвеня, Позірк. Аб увядзенні 8 чэрвеня змяненняў сістэмы рэгістрацыі на падачу дакументаў абвясціў візавы цэнтр Польшчы (VFS Global).

Паведамляецца, што працэс запісу на падачу візавых заяў для ўсіх катэгорый заяўнікаў і віз з названай даты “будзе ўключаць этап запісу ў спіс чакання верыфікаваных заяўнікаў (верыфікаваны вейт-ліст)”.

“Пачынаючы з 8 чэрвеня, заяўнікі, якія завершаць усе неабходныя этапы ў сістэме, будуць зарэгістраваныя ў верыфікаваны вейт-ліст для наступнага атрымання слота”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўнікі па-ранейшаму павінны карэктна прайсці ўсе этапы верыфікацыі, каб атрымаць доступ да запісу. Пасля паспяховага праходжання ўсіх неабходных этапаў працэсу заява будзе ўключаная ў спіс чакання, карыстальнік атрымае пацверджанне па электроннай пошце з рэгістрацыйным нумарам. Калі з’явяцца “даступныя слоты для запісу”, карыстальнік атрымае апавяшчэнне па электроннай пошце і зможа забраніраваць слот.

Пасля атрымання паведамлення аб даступных слотах ў карыстальнікаў будзе 48 гадзін для запісу на падачу дакументаў (выбар даты і часу). Калі слот не будзе забраніраваны ў гэты тэрмін, заява будзе выдалена з спісу чакання, адзначылі ў VFS Global.

Скасаваць рэгістрацыю ў спісе чакання праз рахунак VFS “можна ў любы час”.

Раней консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Мінску на нявызначаны тэрмін спыніў запіс праз электронную пошту ўладальнікаў “карты паляка“, якія жадаюць падаць дакументы для атрымання нацыянальнай візы.

Запіс па адрасе [email protected] была прыпыненая 1 чэрвеня “да моманту скасавання гэтага рашэння”. Уладальнікам “карты паляка”, якія жадаюць звярнуцца па нацыянальную візу, неабходна самастойна браніраваць даты праз сайт візавага пасярэдніка VFS Global.

VFS Global з’яўляецца камерцыйнай кампаніяй, якая працуе ў партнёрстве з амбасадай/консульствам Польшчы для аказання паслуг асобам, якія звяртаюцца па візу для ўезду ў гэтую краіну. Арганізуе працу польскіх візавых цэнтраў, дзе можна падаць запоўненую візавую анкету, неабходныя суправаджальныя дакументы, здаць біяметрычныя даныя.

Падзяліцца: