Мінск 10:50

Літоўскія памежнікі канфіскавалі чарговую партыю кантрабандных цыгарэт, у тым ліку беларускіх

4 чэрвеня, Позірк. Аб канфіскацыі чарговай партыі кантрабандных цыгарэт паведаміла 4 чэрвеня Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

Адзначаецца, што ўвечары 2 чэрвеня супрацоўнікі аддзела крымінальнай выведкі Пагегяйскага атрада САДМ спынілі ў вёсцы Васілішкес Кайшадорскага раённага самакіравання Каўнаскага павета (у цэнтры краіны) аўтамабіль “Опель Вектра“ з літоўскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. За рулём знаходзіўся 56-гадовы жыхар Вілкавішкскага раёна Марыямпольскага павета (знаходзіцца каля мяжы Літвы з Польшчай і Расіяй).

У багажніку і салоне аўтамабіля памежнікі выявілі 3.360 пачкаў цыгарэт Marlboro Gold Original, Marlboro Platinum Selected Fine Tobaccos і Winston Blue American Flavor без акцызных марак, а таксама Minsk Capital, NZ Gold і Minsk Superslims 5 з беларускімі акцызнымі маркамі.

Паведамляецца, што з улікам усіх абавязковых да выплаты ў Літве падаткаў кошт канфіскаваных тытунёвых вырабаў складае 17.847,60 еўра.

Па факце незаконнага захоўвання і перавозкі падакцызных тавараў пачата дасудовае расследаванне. За такое злачынства заканадаўствам прадугледжаны штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Пасля допыту мужчыну абраная мера стрымання ў выглядзе пісьмовага абавязацельства не пакідаць месца жыхарства.

Падзяліцца: