Мінск 12:32

У дачыненні да жыхара Лепельскага раёна распачатая крымінальная справа за агрэсіўныя выпады на адрас інспектара прыродааховы

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

5 чэрвеня, Позірк. У дачыненні да 37-гадовага жыхара Лепельскага раёна (Віцебская вобласць) распачатая крымінальная справа паводле арт. 366 КК (гвалт, пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі), паведаміла 5 чэрвеня прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, сёлета 6 красавіка каля 17:00 супрацоўнікі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету падчас “кантрольна-палявых мерапрыемстваў” на тэрыторыі раёна спынілі аўтамабіль “Фальксваген”, якім кіраваў гэты мужчына.

“Пры аглядзе яго транспартнага сродку ў салоне была знойдзеная туша ваўка са слядамі агнястрэльнага ранення, — гаворыцца ў паведамленні. — Падчас адміністрацыйнага працэсу фігурант не падпарадкаваўся законным патрабаванням інспектараў: сеў у машыну і пачаў рух у іх бок, прычыніўшы цялесныя пашкоджанні аднаму з інспектараў, пасля чаго ўцёк”.

З дапамогай супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі мужчыну атрымалася дагнаць і спыніць, пасля чаго ён “стаў выказваць пагрозы службовай асобе інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету”.

Адзначаецца, што на месцы здарэння працавала следча-аператыўная група — “праведзены агляд, зафіксаваная следавая карціна, прызначаны шэраг неабходных экспертных даследаванняў”. Фігурант справы ўзяты пад варту, на яго маёмасьць накладзены арышт. Высветлілася, што раней мужчына “прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж”.

“Па факце незаконнай здабычы ваўка органам дазнання праводзіцца даследчая праверка. Канчатковая прававая ацэнка дзеянням фігуранта будзе дадзеная па выніках расследавання”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: