Магчымасці паглыблення чэшска-беларускіх сувязяў абмеркавала Ціханоўская з мэрам Прагі

12 чэрвеня, Позірк. Магчымасці паглыблення чэшска-беларускіх сувязяў абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з мэрам Прагі Багуславам Свобадам.
Галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што сустрэча адбылася падчас нядаўняга візіту дэмлідара ў Чэхію (10–11 чэрвеня).
Ціханоўская падкрэсліла, што менавіта культура і асвета дапамагаюць захоўваць беларускую ідэнтычнасць ва ўмовах рэпрэсій і выгнання, а таксама будуюць масты паміж народамі Беларусі і Чэхіі.
Палітык падзякавала пражскаму мэру за падтрымку беларускіх ініцыятыў і дыяспары ў чэшскай сталіцы, адзначыла адкрытасць гарадскіх уладаў да супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.
Госця заклікала кіраўніцтва Прагі і надалей падтрымліваць беларускія грамадзянскія і культурныя ініцыятывы. Яна звярнулася да мэра з просьбай “узяць патранаж” над Кангрэсам беларусаў Чэхіі, які плануецца правесці сёлета ўвосені, а таксама дапамагчы з прадастаўленнем пляцоўкі для беларускіх мерапрыемстваў.
Свобада падкрэсліў, што Прага заўсёды была адкрытая для беларусаў, вітаў вызваленне беларускіх палітвязняў і высока ацаніў працу беларускай дэмакратычнай супольнасці.
“Прагу і Беларусь звязваюць глыбокія гістарычныя сувязі: у 1923–1943 гадах тут знаходзіўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. І сёння наш горад ганарыцца тым, што тут месціцца Офіс дэмакратычных сіл Беларусі”, — напісаў мэр на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.
Ціханоўская падчас візіту таксама сустрэлася з міністрам культуры Чэхіі Ота Клемпіржам і наведала перадапаказ Matter of Art Biennale 2026 — аднаго з найбуйнейшых міжнародных форумаў сучаснага мастацтва ў Цэнтральнай Еўропе.
Беларускага палітыка і чэшскага міністра сустрэлі дырэктар галерэі і куратары выставы, якія правялі экскурсію па экспазіцыі. Асобна былі прадстаўленыя працы беларускіх мастакоў Руфіны Базловай і Глеба Аманкулава, якія ўдзельнічаюць у біенале разам з больш як трыццаццю творцамі з розных краін Еўропы і свету.
Ціханоўская сустрэлася з беларускімі аўтарамі і падзякавала, што тыя працягваюць прадстаўляць беларускую культуру на міжнароднай сцэне, нягледзячы на рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю.
Дэмлідар падкрэсліла асаблівую ролю Прагі і Чэхіі ў падтрымцы беларускай культуры і выказала ўдзячнасць Клемпіржу за садзейнічанне беларускім культурным ініцыятывам. Яна выказала спадзеў на тое, што чэшскі ўрад будзе і надалей дапамагаць беларускім мастакам, музыкам, даследчыкам і культурным праектам.
Акрамя таго, Ціханоўская выступіла ў Бібліятэцы Вацлава Гавела ў Празе. У публічнай дыскусіі і сустрэчы з дэмлідарам, як паведаміў Вячорка, узяло ўдзел больш за 120 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, экспертнай супольнасці, грамадзянскай супольнасці і беларускай дыяспары.
Ціханоўская наведвала Прагу 10–11 чэрвеня. Падчас візіту яна сустракалася з прэзідэнтам Чэхіі Пётрам Павелам, спікерам Сената Чэхіі Мілашам Выстрчылам, выступіла перад членамі камітэта па замежных справах, абароне і бяспецы Сената — верхняй палаты парламента Чэшскай Рэспублікі.
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа першую дэкаду чэрвеня суседнія краіны ЕС зафіксавалі больш за 700 спробаў незаконнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ГрамадстваШтучны інтэлект дазваляе брацца за пацыентаў, якім раней адмаўлялі ў лячэнні — анколагМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства



