Мінск 17:44

Лаўроў мае намер абмеркаваць у Беларусі супрацьдзеянне санкцыям і “юрыдычнай агрэсіі” Захаду

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў
Архіўнае відэа: служба навін ААН / стоп-кадр: "Позірк"

13 чэрвеня, Позірк. “Шырокае кола актуальных пытанняў двухбаковай супрацы і міжнароднага парадку дня” будзе разгледжанае падчас візіту міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова ў Беларусь 14–15 чэрвеня, паведамляе прэс-служба расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле інфармацыі ведамства, чыноўнік сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і сваім беларускім калегам Максімам Рыжанковым.

Адзначаецца, што на сустрэчах “асаблівая ўвага” будзе нададзеная “дыпламатычнаму суправаджэнню інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы і падвышэнню міжнароднага профілю гэтага аб’яднання”. Плануецца намеціць графік “ключавых сумесных мерапрыемстваў і двухбаковых кантактаў”.

Лаўроў і Рыжанкоў, як заяўлена, абмяркуюць “практычныя аспекты расійска-беларускага ўзаемадзеяння паміж МЗС”, у тым ліку падрыхтоўку сумеснага пасяджэння калегій знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін у чацвёртым квартале 2026 года ў Беларусі. На той сустрэчы напрыканцы года сярод іншага плануецца падпісаць “праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы” на 2027–2029 гады.

“Чакаецца традыцыйная “зверка гадзіннікаў” па пытаннях знешнепалітычнай каардынацыі ў рамках еўразійскіх інтэграцыйных аб’яднанняў і розных міжнародных арганізацый, а таксама пры выбудоўванні стасункаў з трэцімі краінамі, — гаворыцца ў паведамленні. — Будзе разгледжаны ход рэалізацыі сумесных ініцыятыў, у тым ліку па процідзеянні санкцыйнай і юрыдычнай агрэсіі “калектыўнага Захаду”, а таксама фарміраванні новай архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі ў Еўразіі і распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі”.

МЗС РФ заявіла, што Беларусь ёсць “найбліжэйшым саюзнікам і стратэгічным партнёрам” Расіі. Краіны, як сцвярджаецца, звязваюць “шматгадовыя традыцыі сяброўства і ўзаемадапамогі, культурная і духоўная еднасць, сумеснае гістарычнае мінулае і арыенціры на будучыню”.

Расійскае знешнепалітычнае ведамства лічыць, што стасункі Масквы і Мінска могуць служыць “узорам выбудоўвання раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай міждзяржаўнай супрацы”, а ўзровень узаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы — “арыенцірам для іншых інтэграцыйных аб’яднанняў на еўразійскай прасторы”.

Паводле інфармацыі МЗС РФ, у 2025 годзе Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін стэлефаноўваліся больш за 20 разоў і правялі 9 сустрэч, ад пачатку 2026-га — 7 і 3 адпаведна. Ведамства нагадала, што 8 снежня 1999 года была створаная Саюзная дзяржава, якая “дэкларуецца як новы этап у яднанні народаў Расіі і Беларусі ў дэмакратычную прававую дзяржаву”.

“Цяпер праведзеная вялікая праца па фармаванні агульнай прасторы Саюзнай дзяржавы ад Брэста да Уладзівастока ў сацыяльна-эканамічнай, гуманітарнай, абароннай, міграцыйнай, інфармацыйнай ды іншых сферах, а таксама гарманізацыі нашых заканадаўстваў і стварэнні агульнага прававога поля, — гаворыцца ў паведамленні. — Дасягнуты высокі ўзровень выраўноўвання правоў грамадзян дзвюх краін, перш за ўсё ў сферах медыцыны, сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння, адукацыі, свабоды перамяшчэння, месцажыхарства і працаўладкавання, а таксама ўдзелу грамадзян, якія стала пражываюць на тэрыторыі іншай дзяржавы — удзельніцы СД, у мясцовых выбарах”.

Сцвярджаецца, што ва ўмовах “развязанай калектыўным Захадам санкцыйнай вайны Расія і Беларусь робяць сумесныя крокі па процідзеянні незаконным рэстрыкцыям і ўмацаванні фінансавага і тэхналагічнага суверэнітэту СД, развіваюць прамысловую кааперацыю, паспяхова рэалізуюць праграмы па імпартазамяшчэнні, у тым ліку за кошт запуску сумесных інвестыцыйных праектаў”.

Пры гэтым, як заяўлена, ва ўмовах “турбулентнай ваенна-палітычнай сітуацыі ў свеце” Масква і Мінск у апошнія гады зрабілі “сур’ёзныя захады па ўмацаванні агульнай прасторы абароны і бяспекі СД”.

“Разгорнутыя на тэрыторыі Беларусі сумесная Рэгіянальная групоўка войскаў (сіл), сучасныя расійскія абаронныя комплексы і тактычная ядзерная зброя надзейна прыкрываюць заходнія межы СД і АДКБ, забяспечваючы процівагу неанацысцкай Украіне і раскватараваным у сумежных краінах групоўкам НАТО, — гаворыцца ў паведамленні. — Паглыбляецца вайскова-тэхнічная супраца, у тым ліку прамысловая кааперацыя па лініі прадпрыемстваў АПК (абаронна-прамысловага комплексу. — “Позірк”.)”.

Нагадваецца, што 6 снежня 2024 года зацверджаная канцэпцыя бяспекі СД, якая прадугледжвае “сумесныя захады па нейтралізацыі і прадухіленні існых і прагназаваных пагроз бяспецы”. У той жа час падпісаны Пуціным і Лукашэнкам Дагавор аб гарантыях бяспекі (набыў моц у сакавіку 2025 года) “утрымлівае шырокі пералік узаемных саюзніцкіх абавязацельстваў па забеспячэнні абароны, абароне суверэнітэту, недатыкальнасці тэрыторыі і знешняй мяжы СД з задзейнічаннем усіх наяўных сіл і сродкаў, уключаючы ядзерную зброю”.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: