Праз пагрозу ваеннай эскалацыі АПК заклікаў рэжым Лукашэнкі распачаць перамовы з дэмсіламі і грамадзянскай супольнасцю

22 чэрвеня, Позірк. Незалежнасць Беларусі і няўдзел у вайне ёсць “ключавымі элементамі дасягнення нацыянальнага кансэнсусу і аснова для аднаўлення грамадзянскай згоды” адзначыў Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) у заяве, прынятай 21 чэрвеня ў сувязі з пагрозай ваеннай эскалацыі.
АПК адзначыў “істотны рост пагроз бяспецы і незалежнасці Беларусі ў сувязі з працягам уцягвання” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайну супраць Украіны.
Сёння беларусам, канстатавала палітычная структура, “жыццёва важна знайсці шляхі да дасягнення грамадзянскай згоды і эфектыўнай абароны нацыянальных інтарэсаў”, бо “ад гэтага будуць залежаць як захаванне беларускай дзяржавы, так і яе ўстойлівае развіццё”.
“Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі заклікае функцыянальныя ўлады краіны спыніць падтрымку расійскай агрэсіі, пачаць перамовы ў фармаце круглага стала з прадстаўнікамі аб’яднаных дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці з мэтай недапушчэння ўцягвання Беларусі ва ўзброенае супрацьстаянне, спынення ўнутранага палітычнага крызісу і крызісу бяспекі”, — гаворыцца ў заяве.
АПК выпусціў гэты дакумент на фоне жорсткай пазіцыі, якую заняў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адносна дапамогі рэжыма у Мінску расійскай агрэсіі.
19 чэрвеня Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Украінскі прэзідэнт таксама заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску.
На наступны дзень у звароце да суайчыннікаў ён заявіў, што Украіне вядома “пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях”, і паўтарыў, што Беларусь “мае час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне”.
Адначасова ён паведаміў, што Кіеву вядома “пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расію” і яе вайну. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што “кожнае прадпрыемства, якое пастаўляе кампаненты для расійскай зброі — для бронетэхнікі, ракетных сістэм”, а таксама “прадпрыемствы, якія пастаўляюць Расіі паліва для вайны”, — усё гэта з’яўляецца “ўцягваннем Беларусі ў вайну”.
У інтэрв’ю тэлеканалу ТСН 21 чэрвеня Зяленскі зноў заявіў, што Лукашэнка на працягу бліжэйшага тыдня павінен прадэманстраваць канкрэтныя крокі па дээскалацыі.
Паводле слоў прэзідэнта, ён тлумачыў Лукашэнку, што трэба рабіць: “Дэманстрацыя канкрэтных крокаў. Крок № 1: ніякай тэхнічнай падтрымкі. Прамая падтрымка рэтранслятараў — выключыць, зняць і паказаць нам, што гэта знята. І мы завяршылі гэтае пытанне. Паколькі гэта перадавалася ім (беларускім уладам. — “Позірк“.) неаднаразова, мы перайшлі ў стадыю публічнага сігналу. Калі не здыме, то мы здымем — усё, што адбудзецца за тыдзень. Альбо яны, альбо мы. Вось і ўсё”.
“Таксама мы ім кажам, даем сігнал: спыніце, калі ласка, пастаўку паліва расійскай арміі. Але гэта толькі сігнал, тут няма ніякіх пагроз, нічога. Мы проста кажам, што гэта бачым”, — сказаў Зяленскі.

- ЭканомікаУ студзені — красавіку 2026 года Беларусь лідзіравала ў ЕАЭС толькі ў адным з сямі асноўных паказчыкаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства


