Мінск 12:46

У Віцебскай вобласці міліцыя знайшла ў “чорнага капальніка” зброю і “прадметы нацысцкай скіраванасці”

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

29 чэрвеня, Позірк. У Віцебскай вобласці 63-гадовы мясцовы жыхар затрыманы сіламі ГУБАЗіК пры падтрымцы байцоў АМАП, паведаміла 29 чэрвеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле сцвярджэння ведамства, раней судзімы мужчына займаўся раскопкамі “ў месцах вядзення баёў часоў Вялікай Айчыннай вайны”, ён мае “навыкі вырабу і аднаўлення агнястрэльнай зброі і выбухных прыладаў”.

У жыллі і лецішчы затрыманага, як заяўлена, знойдзена тры адзінкі агнястрэльнай зброі, каля 40 патронаў, 5 выбуховых прыстасаванняў, выбуховыя рэчывы і складныя часткі агнястрэльнай зброі.

“У названых памяшканнях мужчына абсталяваў музей з абмундзіраваннем, элементамі ўзбраення ды іншымі прадметамі нацысцкай скіраванасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

Распачатая крымінальная справа.

У снежні 2015 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў комплекс мер, скіраваны на стварэнне дадатковых умоў для захавання культурнай спадчыны краіны, а таксама прадухіленне дзейнасці “чорных капальнікаў”.

У 2024 годзе дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза заклікаў перагледзець формы ўзаемадзеяння з людзьмі, якія ў прыватным парадку займаюцца пошукам археалагічных артэфактаў і “чорным капальніцтвам”.

У 2025 годзе ў Мінску быў затрыманы 30-гадовы жыхар сталіцы, які “займаўся незаконнымі раскопкамі на тэрыторыях вядзення баявых дзеянняў часоў Вялікай Айчыннай вайны з мэтай пошуку зброі, боепрыпасаў, выбухных прыстасаванняў”.

Тады ж у Мінскі абласны суд была накіраваная крымінальная справа 61-гадовага жыхара сталіцы, якому былі інкрымінаваныя ч. 2 і 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

Сцвярджаецца, што мужчына са студзеня 2004 года па жнівень 2024-га з дапамогай магніта і металашукальніка шукаў і здабываў з зямлі розныя прадметы на тэрыторыі шэрагу раёнаў Мінскай і Гомельскай абласцей, то бок, як мяркуецца, займаўся “чорным капальніцтвам”.

“Чорнымі капальнікамі” называюць людзей, якія займаюцца нелегальным пошукам гістарычных артэфактаў без афіцыйнага дазволу.

Падзяліцца: