Мінск 18:49

Ціханоўская: Беларусы падтрымліваюць свабоду і суверэнітэт Украіны

Фота: старонка Святланы Ціханоўскай у сацсетцы Х

28 чэрвеня, Позірк. З Днём Канстытуцыі павіншавала 28 чэрвеня “мужны народ Украіны” дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“На працягу 30 гадоў ваша Канстытуцыя абвяшчала Украіну суверэннай, дэмакратычнай і свабоднай. Сёння ўкраінцы ўвасабляюць гэтыя словы ў жыццё, абараняючы сваю краіну і будучыню”, — напісала Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Беларусы, паводле яе слоў, падтрымліваюць “свабоду і суверэнітэт Украіны”.

У аналагічным віншаванні год таму палітык падтрымала ўкраінцаў “у барацьбе за свабоду, справядлівасць і поўную тэрытарыяльную цэласнасць”.

Дэмсілы Беларусі паслядоўна падтрымліваюць украінскі народ, які больш за чатыры гады абараняецца ад поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. Падчас замежных паездак, выступаў на міжнародных пляцоўках, на сустрэчах з замежнымі палітыкамі Ціханоўская рэгулярна заклікае дэмакратычныя краіны даць Кіеву ўсё неабходнае для перамогі, нагадвае пра беларусаў, якія змагаюцца за Украіну, а таксама пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымлівае Маскву.

24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: