Мінск 21:16

Лабавое ДТЗ у Астравецкім раёне — загінулі 17-гадовы хлопец і 15-гадовая дзяўчына, пяць чалавек шпіталізавана (дапоўнена)

Дададзеныя абзацы 7–9.

Фота: МУС

28 чэрвеня, Позірк. Аб дарожна-транспартным здарэнні з гібеллю непаўналетніх у Астравецкім раёне паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Аварыя здарылася 28 чэрвеня каля 15:30 на аўтадарозе Р-52 Газа — Астравец — Ашмяны каля вёскі Дзігіева.

“20-гадовы кіроўца “Аўдзі”, паводле папярэдняй інфармацыі, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе ўчыніў лабавое сутыкненне з “Шэўрале”, — гаворыцца ў паведамленні.

Двое пасажыраў “Аўдзі” — 15-гадовая дзяўчына і 17-гадовы хлопец — загінулі. Яшчэ пяць чалавек з абодвух аўтамабіляў з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваныя, адзначае УУС.

На месцы ДТЗ працуюць супрацоўнікі ДАІ, следча-аператыўная група.

“Па ўказанні міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова на месца здарэння выбыў начальнік ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў”, — паведамляецца ў рэлізе.

Падрабязнасці смяротнай аварыі паведаміў Следчы камітэт. Паводле яго папярэдніх звестак, кіроўца “Аўдзі” рухаўся па згаданай дарозе ў напрамку Астраўца. “Хлопец вырашыў саступіць дарогу іншамарцы, якая рухалася за ім на апярэджанне. Для гэтага ён зрушыўся направа, аднак пры вяртанні ў ранейшае становішча не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтамабілем “Шэўрале” пад кіраваннем 43‑гадовага мужчыны”, — адзначае СК.

Паводле інфармацыі ведамства, у салоне “Аўдзі” знаходзілася чацвёра непаўналетніх пасажыраў, двое з іх — 15 і 17 гадоў —загінулі. Яшчэ пяць чалавек з абодвух аўтамабіляў атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці і былі шпіталізаваныя.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб).

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўміраваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: