Мінск 11:14

Двух дзяцей, што пацярпелі ў Бранскай вобласці РФ, плануецца выпісаць 29 чэрвеня

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

29 чэрвеня, Позірк. Пра тое, што 29 чэрвеня плануецца выпісаць дваіх дзяцей, якія праходзілі лячэнне ў мінскім Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі пасля здарэння з аўтобусам у Бранскай вобласці Расіі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Стан дзяцей ацэньваецца як здавальняльны. Адзначаецца, што іх накіруюць дадому ў Гомельскую вобласць. Са згоды бацькоў “у далейшым дзецям будзе прапанаваны поўны курс медыцынскай рэабілітацыі”.

Паводле інфармацыі ведамства, адно дзіця застаецца на лячэнні ў РНПЦ.

Акрамя таго, працягваецца лячэнне дваіх дзяцей, якія раней былі пераведзеныя ў 6-ю гарадскую клінічную бальніцу Мінска. Паведамляецца, што “хірургічныя аперацыі прайшлі паспяхова, беларускія медыкі працягваюць аказваць пацярпелым усю неабходную медыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме”.

Стан пацярпелага дарослага ацэньваецца як стабільны: “Пацыент упэўнена ідзе на папраўку”.

Варта адзначыць, што прэс-служба Мінздароўя, паведамляючы пра стан пацыентаў, назвала іх “грамадзянамі, якія пацярпелі ў ДТЗ у Бранскай вобласці”. Раней беларускія ўлады і прапаганда не абміналі магчымасці назваць здарэнне наўмысным ударам і тэрактам. У Маскве, а пасля і ў Мінску адразу абвінавацілі ў здарэнні Украіну.

26 чэрвеня прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў сказаў, што гэта была “тэрарыстычная атака на грамадзянскі аўтобус, які перавозіў беларускіх грамадзян, пераважна дзяцей”.

Раней у той жа дзень в.а. пастаяннага прадстаўніка РФ пры ААН Ганна Еўсцігнеева паведаміла, што Беларусь ініцыявала экстранае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН (мае адбыцца 29 чэрвеня ў 22:00 паводле мінскага часу).

Пазней стала вядома, што Мінск звярнуўся да Калумбіі, якая старшынствуе ў Савеце Бяспекі ААН, з “просьбай аб скліканні тэрміновага паседжання савета”. Паколькі Беларусь не з’яўляецца членам Савета Бяспекі, зварот быў падтрыманы пастаянным членам савета Расіяй, паведаміў Варанкоў.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які накіроўваўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзілася 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння. Там жа былі ўдзельнікі мясцовай танцавальнай студыі.

Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула.

У дзень інцыдэнту Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскі бок не мае дачынення да ўдару па аўтобусе. Абвінавачанні названыя “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”.

Аляксандр Лукашэнка ж заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў менавіта ўкраінскі робат.

Выданне The Wall Street Journal (WSJ) 23 чэрвеня са спасылкай на былых, а таксама цяперашніх еўрапейскіх і расійскіх чыноўнікаў паведаміла пра ўзмацненне ціску на Беларусь з боку Расіі, каб яшчэ больш уцягнуць яе ў вайну з Украінай.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) выказаў меркаванне, што Лукашэнка “па-ранейшаму супраціўляецца поўнаму ўцягванню Беларусі ў ваенныя планы Крамля”.

Падзяліцца: