Мінск 11:24

Узбекістан анансаваў прыняцце “моцнага пакета” дакументаў па выніках візіту Мірзіёева ў Мінск

Ілюстрацыя: president.uz

8 ліпеня, Позірк. Па выніках візіту Шаўката Мірзіёева ў Мінск 8-9 ліпеня “плануецца прыняцце моцнага (у рускамоўным арыгінале “солидного”. — “Позірк”.) пакета двухбаковых дакументаў у прыярытэтных напрамках”, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Узбекістана.

“У адпаведнасці з праграмай знаходжання ў горадзе Мінску прадугледжваецца правядзенне перамоў на вышэйшым узроўні. Будуць разгледжаныя пытанні далейшага пашырэння ўзбекска-беларускіх стасункаў шматпланавага партнёрства. У цэнтры ўвагі — пытанні нарошчвання ўзаемнага тавараабароту, паглыблення кааперацыі ў сферы сельскай гаспадаркі, машынабудавання, фармацэўтыкі, лёгкай, харчовай і іншых галінах прамысловасці“, — гаворыцца ў паведамленні.

“Асобная ўвага” будзе нададзеная пашырэнню праграм культурна-гуманітарнага абмену.

Напярэдадні візіту ў Мінску прайшоў трэці форум з удзелам дэлегацый рэгіёнаў і бізнес-колаў дзвюх краін.

Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што на сустрэчы з Мірзіёевым будуць абмяркоўвацца “развіццё вытворчай кааперацыі і рэалізацыя сумесных праектаў“, “актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і перспектывы яго ўмацавання ў розных сферах“.

“Да падпісання па выніках перамоў рыхтуюцца каля двух дзясяткаў дакументаў. Галоўны з іх — дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан“, — адзначалася ў прэс-рэлізе.

Мірзіёеў наведваў Мінск 26-27 чэрвеня 2025 года як удзельнік Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Лукашэнка быў ва Узбекістане ў лютым 2024 года. Па выніках таго візіту яны з Мірзіёевым выступілі з сумеснай заявай, у якой адзначылі, што Мінск і Ташкент “працягнуць прыкладаць намаганні для далейшага развіцця партнёрства“. У заяве таксама гаварылася, што “прыярытэтным напрамкам“ беларуска-ўзбекскіх стасункаў з’яўляецца “далейшае пашырэнне ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”.

23 чэрвеня паведамлялася, што прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын выказаў надзею на павелічэнне беларуска-ўзбекскага тавараабароту па выніках 2026 года да 1 млрд долараў. Ён таксама заявіў пра “амбіцыйную задачу” падвоіць гэты паказчык у 2030 годзе.

Пра тое, што Узбекістан і Беларусь распрацоўваюць праграму па павелічэнні тавараабароту да 2 млрд долараў да 2030 года, у траўні паведамлялі ўзбекскія СМІ.

Паводле іх звестак, паводле вынікаў 2025 года аб’ём узаемнага гандлю вырас на 25% — да 965 млн долараў (2024-га — 774 млн, 2023-га — 654,7 млн), а за першы квартал 2026 года павялічыўся амаль на 50%, склаўшы 259,7 млн долараў.

Беларускія даныя крыху больш сціплыя: сёлета ў лютым амбасадар Беларусі ва Узбекістане Аляксандр Агароднікаў заяўляў, што папярэдне па выніках 2025 года знешнегандлёвы абарот Беларусі і Узбекістана перавысіў 850 млн долараў.

Паводле яго слоў, Беларусь пастаўляе на узбекістанскі рынак прадукцыю сельгасмашынабудавання, дрэваапрацоўкі, мясамалочную прадукцыю, лекі, у зваротным кірунку ідуць “садавіна, вінаград, кавуны, дыні — тое, да чаго ўжо прызвычаіліся беларускія пакупнікі“.

Падзяліцца: