Мінск 15:36

У дачыненні да экс-палітзняволенай Ганны Вішняк распачатая спецвытворчасць

9 ліпеня, Позірк. У дачыненні да былой палітзняволенай Ганны Вішняк 8 ліпеня распачатая спецыяльная вытворчасць, паведамляе спецыялізаваны тэлеграм-канал Следчага камітэта.

Вішняк абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.

Жанчыне прапанавана з’явіцца ў аддзел СК па Першамайскім раёне Мінска.

У студзені 2024 года стала вядома, што ў дачыненні да Вішняк узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 3614 КК за інтэрв’ю “экстрэмісцкаму фарміраванню”.

Жанчына была валанцёрам тэлеграм-канала “Водители-97”. Падчас і пасля акцый пратэсту ў 2020 годзе яна дапамагала развозіць ваду па горадзе. Была затрымана 28 кастрычніка 2020 года. У 2021-м была асуджаная на 2,5 года пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах. Выйшаўшы на волю, з’ехала з Беларусі і распавяла пра абставіны затрымання, асуджэння і ўмовы адбывання пакарання ў калоніі.

Ёй збіралі дапамогу праз фонд BySol. Атрымалася сабраць 1.543 еўра, хаця жанчына прасіла 2.800.

У сваёй просьбе пра дапамогу яна паведаміла, што падчас зняволення яе 16 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Першы раз — у снежні 2021 года на 10 сутак, знаходжанне было працягнутае на такі ж тэрмін.

“У ізалятары мяне катавалі голадам і дзікім холадам. Там я сустракала свой дзень нараджэння. Была пазбаўленая ўсяго: відэазванкоў, лістоў, перадач, кожны месяц ці часцей мяне пераводзілі ў іншы атрад, як акт катавання і маральны ціск. У калоніі мая атэстацыйная ацэнка, паводле сфальсіфікаваных папер, была “злосны парушальнік”. Сярод жанчын такіх адзінкі. Таксама фальсіфікавалі і медыцынскія дакументы. Дапамога пры сур’ёзных болях не аказвалася зусім, і ўвогуле санчастка ў калоніі існуе толькі для таго, каб выпісаць ібупрафен з парацэтамолам і выпісваць тройчы на месяц бальнічныя лісты асуджаным калегам супрацоўнікаў”, — напісала сярод іншага Вішняк.

Працэдура спецвытворчасці ў Беларусі выкарыстоўвалася адносна мінімум 179 чалавек.

Спецыяльная вытворчасць — гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс.

Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачання, правядзення судоў і канфіскацыі на падставе іх рашэння ўласнасці фігурантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Падзяліцца: