Мінск 12:42

За мінулыя суткі патанула два чалавекі — ТРВОД

Ілюстрацыйнае фота: Brandon Matich / unsplash.com

14 ліпеня, Позірк. Два чалавекі патанула ў Беларусі за мінулыя суткі, сведчаць даныя Рэспубліканскага таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

За дзень да таго патанула яшчэ два чалавекі.

Паводле апошняй інфармацыі ТРВОД, 10 ліпеня рыбак дастаў з паверхні штучнага вадаёма ў вёсцы Люта (Брэсцкі раён) цела мужчыны 1992 года нараджэння. Паводле інфармацыі мясцовага РАУС, 1 ліпеня той быў каля Люты, адтуль ён пайшоў у невядомым кірунку. Праводзіліся вышуковыя мерапрыемствы.

Ад пачатку 2026 года да 8 ліпеня ў вадаёмах патанула сем непаўналетніх (у 2025-м за той жа перыяд — восем) і 103 дарослых (130), заяўляў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення па наглядзе ў сацыяльнай сферы Генеральнай пракуратуры Павел Зайцаў.

З 1 траўня, паводле даных Генпракуратуры, ад адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 24.42 КаАП за купанне ў забароненых месцах рэк, азёр ці іншых вадаёмаў вызвалена больш за 1.500 грамадзян. Ім вынесеныя папярэджанні.

Прадстаўнік ТРВОД Ганна Новікава паведаміла, што ў Беларусі функцыянуе 340 выратавальных аб’ектаў, у тым ліку 68 выратавальных станцый, 113 стала дзейных і 159 сезонных выратавальных пастоў.

Паводле яе слоў, у краіне 518 арганізаваных месцаў адпачынку ля вады, з іх 23 адкрыта ў 2026 годзе.

Ад пачатку траўня выратавана 111 патанулых, з іх 36 дзяцей. З агульнай колькасці 70 чалавек выратавалі супрацоўнікі ТРВОД, адзначыла Новікава.

Падзяліцца: