Мінск 17:25

Мытня раскрыла схему незаконнага ўвозу ў Беларусь еўрапейскага адзення і абутку — распачатая крымінальная справа

Фота: прэс-служба ДМК

21 ліпеня, Позірк. Магілёўскія мытнікі раскрылі схему па ўхіленні ад выплаты мытных плацяжоў у буйным памеры пры ўвозе адзення і абутку еўрапейскай вытворчасці, паведаміла 21 ліпеня прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Адзначаецца, што мытнікі знайшлі склад у Мінскім раёне, на які літоўскі перавозчык на працягу года дастаўляў “новыя дарагія рэчы, аформленыя пры перамяшчэнні на тэрыторыю ЕАЭС пад выглядам былых у выкарыстанні”.

У Беларусі тавары “незаконна рэалізоўваліся іншым суб’ектам бізнесу”.

На падставе рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва ў даход дзяржавы накіравана адна з партый (4 тыс. адзінак тавараў), кошт якой перавышае 700 тыс. рублёў. Няўплата мытных плацяжоў за яе склала амаль 147 тыс. рублёў.

Яшчэ больш як 12,5 тыс. адзінак тавараў коштам каля 1 млн рублёў вынята да рашэння суда — шкода, нанесеная дзяржаве нявыплатай плацяжоў за іх, яшчэ высвятляецца.

У дачыненні да групы асоб (грамадзянства не ўдакладняецца) Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 231 КК (ухіленне ад выплаты плацяжоў, якія спаганяюцца мытнымі органамі, у буйным памеры). Санкцыя паводле гэтай часткі артыкула — штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, да 2 гадоў папраўчых работ, арышт або да 3 гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня ДМК паведамляў, што Віцебская мытня спыніла спробы ўхілення ад выплаты мытных плацяжоў пры ўвозе на тэрыторыю ЕАЭС буйной партыі адзення.

Падзяліцца: