Мінск 23:25

15-гадовай жыхарцы Брэста пагражае да 15 гадоў зняволення за распаўсюджванне наркотыкаў

Відэа: УУС Брэсцкага аблвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

21 ліпеня, Позірк. Пра затрыманне ў Брэсце 15-гадовай мясцовай жыхаркі, “навучэнкі адной з устаноў сярэдняй адукацыі“, паведаміла УУС Брэсцкага аблвыканкама.

“Дзяўчына ў сетцы інтэрнэт знайшла рэкламу інтэрнэт-наркамаркета. Паводле ўказання куратара яна забірала аптовыя партыі тавару, фасавала, а затым распаўсюджвала праз закладкі на тэрыторыі абласнога цэнтра. Злачынная кар’ера фігуранткі працягнулася каля двух тыдняў. У схованках знойдзена і канфіскавана больш за 20 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва, якое не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах, а пры ёй — шалі, ізастужка і зіп-пакеты“, — гаворыцца ў паведамленні.

Распачата крымінальная справа за “нарказбыт“, адзначае УУС. Падкрэсліваецца, што максімальнае пакаранне паводле адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэкса (верагодна, гаворка пра арт. 328 КК) складае 15 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле інфармацыі УУС Брэсцкага аблвыканкама, ад пачатку 2026 года па падазрэнні ў злачынствах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, затрыманы чатыры непаўналетнія: двое па справах аб захоўванні забароненых рэчываў і двое па справах аб іх збыце.

15 ліпеня пракуратура Брэсцкай вобласці паведаміла пра арышт 17-гадовага жыхара Баранавіцкага раёна — кур’ера-закладчыка наркотыкаў.

Пра затрыманне 16-гадовага жыхара Оршы (Віцебская вобласць) за збыт наркотыкаў 9 ліпеня паведамляла Міністэрства ўнутраных спраў.

Крымінальная адказнасць за распаўсюджванне наркотыкаў надыходзіць у Беларусі з 14 гадоў.

Як паведамляў “Позірк, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных“ артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%).

З іх 2.077, або 92,2%, прызнаныя вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: