Мінск 22:12

Назіраецца паскораны рост выдачы крэдытаў на айчынныя тавары — Нацбанк

Ілюстрацыйнае фота: "БелГазета"

23 ліпеня, Позірк. На фоне павелічэння выдачы банкамі крэдытаў на спажывецкія патрэбы назіраецца “трэнд на паскораны рост крэдытаў” на тавары айчыннай вытворчасці, заявіў 23 ліпеня намеснік старшыні Нацыянальнага банка Андрэй Картун.

“Мы, нагадаю, напрыканцы мінулага — на пачатку гэтага года паставілі банкам такую задачу: нарошчваць долю крэдытаў, выдадзеных на тавары айчыннай вытворчасці. Зараз, нагадаю, усе банкі маюць такія лінейкі”, — сказаў ён (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале рэгулятара).

Паводле слоў чыноўніка, выдача такіх крэдытаў у гадавым вымярэнні павялічылася на 70%.

“Зразумела, што першая частка — гэта нашы легкавыя аўтамабілі “БелДжы”. Актыўна дадаюць у тэмпах росту крэдыты на [беларускую] бытавую тэхніку, мэблю і гэтак далей”, — адзначыў Картун.

У студзені — траўні 2026 года банкі, што працуюць у Беларусі, выдалі фізічным асобам крэдытаў (у нацыянальнай і замежнай валютах) на 7 млрд 39,3 млн рублёў (далей — у эквіваленце) — на 5,7% больш, чым за тыя ж месяцы 2025 года (6 млрд 660,4 млн), паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацбанка.

На спажывецкія патрэбы выдадзена крэдытаў на 5 млрд 655 млн рублёў (5 млрд 271,9 млн; +7,3% у гадавым вымярэнні), на фінансаванне нерухомасці — на 1 млрд 384,3 млн (1 млрд 388,4 млн; -0,3%).

Запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 чэрвеня 2026 года склала 31 млрд 136,6 млн рублёў (год таму — 27 млрд 680,1 млн; +12,5%): па спажывецкіх — 12 млрд 577,2 млн (10 млрд 892,8 млн; +15,5%), на фінансаванне нерухомасці — 18 млрд 531,5 млн (16 млрд 750,2 млн; +10,6%).

Пратэрмінаваная запазычанасць дасягнула 55,8 млн рублёў (45 млн; +24%): па спажывецкіх крэдытах — 54,7 млн (44,3 млн; +23,5%), на фінансаванне нерухомасці — 1,1 млн (0,8 млн; +37,5%).

Па выніках першага паўгоддзя 2026 года доля продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў арганізацыях гандлю склала 54,6% (за год гэты паказчык не змяніўся).

Разам з тым, паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных Белстата, удзельная вага харчовых прадуктаў, напояў і тытунёвых вырабаў склала 75,4% (75,8%; -0,4 працэнтнага пункта), а нехарчовых тавараў — 35,9% (34,4%; +1,5 п.п.).

За мінулы год агульная доля айчынных тавараў зменшылася на 2 п.п. (з 56,4% па выніках 2024 года да 54,4% па выніках 2025-га): харчовыя прадукты, напоі і тытунёвыя вырабы — на 0,6 п.п. (з 76,3% да 75,7%); нехарчовыя тавары — на 2,4 п.п. (з 37,3% да 34,9%).

Падзяліцца: