Мінск 09:45

Лабавое сутыкненне ў Салігорскім раёне: Два чалавекі загінула, адзін — у цяжкім стане

Фота: ДАІ Мінскай вобласці

28 ліпеня, Позірк. Пра смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне ў Салігорскім раёне паведамляюць Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці і Следчы камітэт.

Паводле звестак ведамстваў, аўтамабільная аварыя здарылася 27 ліпеня каля 20:00 на 153-м кіламетры аўтадарогі Р-23 (Мінск — Мікашэвічы).

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, 22-гадовы жыхар Салігорска, кіруючы легкавым аўтамабілем “Мэрсэдэс”, падчас абгону выехаў на паласу сустрэчнага руху. Вынікам манеўру стала лабавое сутыкненне з бартавым грузавіком-эвакуатарам “ГАЗель”, якім кіраваў 41-гадовы мужчына.

Кіроўца “Мэрсэдэса” і яго пасажырка, 18-гадовая жыхарка Старобіна, загінулі на месцы. Яшчэ адна пасажырка, 19-гадовая жыхарка Гоцка, дастаўленая ў бальніцу ў цяжкім стане.

Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці распачало крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што з неасцярожнасці пацягнула смерць дзвюх асоб) Крымінальнага кодэкса.

За тры дні (24–26 ліпеня) у Беларусі было зарэгістравана 29 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінула 10 чалавек і 46 атрымала траўмы, паведаміў 27 ліпеня першы намеснік начальніка ГУ ДАІ МУС Андрэй Гаркуша.

У апошнія дні, паводле яго слоў, на дарогах адзначаецца ўсплёск дарожна-транспартных здарэнняў: “Асноўныя прычыны — выезд на паласу сустрэчнага руху, парушэнні хуткаснага рэжыму і правілаў абгону, наезды на пешаходаў і перашкоды”.

Таксама “негатыўна на дарожную сітуацыю ўплывае спякотнае надвор’е, што цяпер ўсталявалася, з перападамі атмасфернага ціску і ападкамі”.

“Для стабілізацыі сітуацыі Дзяржаўтаінспекцыя ўзмацняе кантроль на дарогах. Павышаная ўвага інспектараў ДПС засяроджана на спыненні грубых парушэнняў Правілаў дарожнага руху, якія найчасцей прыводзяць да цяжкіх наступстваў. Пад асаблівым кантролем — кіроўцы маршрутных таксі і матацыклісты”, — заявіў прадстаўнік ДАІ.

Да ўсіх парушальнікаў, як сцвярджаецца, “будуць прымяняцца самыя жорсткія меры адміністрацыйнага ўздзеяння”.

24 ліпеня двое вайскоўцаў загінула на 12-м кіламетры аўтадарогі Р-91 Асіповічы — Баранавічы ў выніку дарожна-транспартнага здарэння з удзелам грузапасажырскага вайсковага аўтамабіля МАЗ, пацярпела 14 чалавек.

У той жа дзень у Бярозаўскім раёне (Брэсцкая вобласць) у выніку ДТЗ загінуў кіроўца фуры, у Брэсце — разбіўся насмерць матацыкліст.

26 ліпеня смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам маршрутнага таксі адбылося ў Шумілінскім раёне (Віцебская вобласць), у ім загінула жанчына.

У той жа дзень у Вілейскім раёне Мінскай вобласці загінуў матацыкліст, у Мінску — кіроўца гарадскога аўтобуса.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі за год знізілася на 5,5% (з 3.453 у 2024 годзе да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага Позіркам аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: