У Беларусі запавольваюцца тэмпы зніжэння злачыннасці — даныя СК
29 ліпеня, Позірк. Больш чым у тры разы запаволіўся тэмп зніжэння злачыннасці за першую палову 2026 года, вынікае з даных Следчага камітэта.
Паводле слоў старшыні СК Канстанціна Бычака, за першыя шэсць месяцаў 2026 года на 5,4% знізілася колькасць зарэгістраваных злачынстваў, склаўшы 28.491.
За першую палову 2025 года злачыннасць у Беларусі знізілася амаль на 17%, да крымінальнай адказнасці прыцягнута 15.399 чалавек.
Бычак адзначыў на калегіі ведамства, што начальнікі ўпраўленняў Следчага камітэта “павінны істотна ўзмацніць кантроль за дзейнасцю кіраўнікоў тэрытарыяльных падраздзяленняў, асабліва тых, чые паказчыкі службовай дзейнасці застаюцца стабільна нізкімі”.
На калегіі адзначана, што ў цяперашні час СК уступіў у этап, калі “эфектыўнасць вызначаецца не толькі колькасцю расследаваных крымінальных спраў, але і здольнасцю адаптавацца да новых тыпаў пагроз”.
Зніжэнне ўзроўню злачыннасці “адлюстроўвае не проста статыстычную дынаміку”, гэта “вынік шматгадовай працы па ўмацаванні прафілактычных механізмаў”, гаворыцца ў паведамленні.
СК падкрэслівае, што знізілася колькасць спраў, вернутых пракурорамі для дадатковага расследавання. Адзначана аператыўнасць папярэдняга следства: удзельная вага крымінальных спраў, завершаных у месячны тэрмін, склала больш за 53%, у парадку паскоранай вытворчасці — больш за 23%. Зменшылася колькасць спраў, завершаных у тэрмін больш за два месяцы, іх удзельная вага знізілася да амаль 14%, што, як заяўляецца, “стала лепшым вынікам за апошнія шэсць гадоў”.
Паведамляецца, што грамадзянам кампенсавана амаль 90 млн рублёў шкоды, дзяржаве — каля 75 млн рублёў.
У першым паўгоддзі 2026 года ўстаноўлены падазраваныя па 1.947 злачынствах мінулых гадоў. З прыняццем рашэння нерэабілітуючага характару завершана папярэдняе расследаванне па 10 забойствах мінулых гадоў. У цяперашні час праводзяцца актыўныя следчыя дзеянні яшчэ па 7 падобных справах і ўжо, як заяўляецца, устаноўлены вінаватыя асобы.
СК адзначае як напрамак, які найбольш дынамічна развіваецца, “процідзеянне злачынствам у сферы высокіх тэхналогій”.
У першым паўгоддзі 2026 года ўдзельная вага кіберзлачынстваў у агульнай структуры злачыннасці склала 35%.
Следчымі прынятыя захады па блакіроўцы больш за 10,6 тыс. фішынгавых інтэрнэт-рэсурсаў, 803 акаўнтаў месенджара “Вайбер”, 329 уліковых запісаў у “Тэлеграме”, 29 ашуканскіх акаўнтаў у “Інстаграме”, 59 абаненцкіх нумароў, якія выкарыстоўваліся пры здзяйсненні злачынстваў.
За першую палову 2026 года ў агульнай структуры злачынстваў палову склалі злачынствы супраць уласнасці.
Адзначаецца, што за першае паўгоддзе кампенсавана каля 90% шкоды, прычыненай дзяржаве, у казну паступіла больш за 58 млн рублёў. Пры гэтым па ўсіх крымінальных справах таксама вырасла кампенсацыя маёмаснай шкоды, сума перавысіла 70 млн рублёў.
Паводле даных СК, раскрыта чацвёртая частка кіберзлачынстваў, колькасць якіх зменшылася на 18,5%. У структуры цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў яны складаюць 25%.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, ЭканомікаПакістанская кампанія шукае 96 чалавек для працы ў Беларусі, у асноўным — на будоўлі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала рэкордную за апошнія 130 дзён колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства



