Мінск 16:47

Выстаўленае абвінавачанне кіроўцу, які ў студзені смяротна пераехаў мужчыну, што ляжаў на дарозе — абодва былі п’яныя

Фота: прэс-служба СК

31 ліпеня, Позірк. Кіроўцу, які ў студзені 2026 года ў аграгарадку Макарава (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) смяротна пераехаў 30-гадовага мужчыну, што ляжаў на дарозе, выстаўленае абвінавачанне, паведаміла 31 ліпеня прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі следства, 20-гадовы жыхар Высокага (той жа раён) сеў за стырно, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення. Сам малады чалавек сцвярджаў, што ў момант ДТЗ не быў п’яны, а выпіў ужо пасля здарэння. Акрамя таго, ён не прызнаваў “факт наезду на пешахода на сустрэчнай паласе”.

“Згодна з адноўленай храналогіяй падзей, напярэдадні трагедыі пацярпелы выпіваў у гасцях у знаёмых, адзначаючы нараджэнне дзіцяці. У той жа вечар выпіваў і абвінавачаны, які ў стане алкагольнага ап’янення сеў за стырно і здзейсніў наезд на пешахода, што ляжаў на праезнай частцы”, — гаворыцца ў паведамленні.

СК заяўляе, што пасля здарэння кіроўца выйшаў з аўтамабіля, а пабачыўшы, што мужчына яшчэ жывы, не стаў аказваць яму дапамогу і ўцёк з месца здарэння. Ахвяру наезду выявіў мінак. У медыкаў, што прыбылі на месца, выратаваць пацярпелага не атрымалася.

Шляхам следчага эксперыменту і допыту сведкаў было высветлена, што ДТЗ здарылася менавіта на сустрэчнай паласе, аўтамабіль у той момант рухаўся з хуткасцю 85 кіламетраў на гадзіну пры дазволеных 60 км/г. Аўтатэхнічная экспертыза паказала, што “пры руху з дапушчальнай хуткасцю кіроўца мог бы своечасова спыніцца”.

Дзеянні кіроўцы кваліфікаваныя паводле ч. 4 арт. 317 (парушэнне ПДР або правілаў эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе <…> у стане алкагольнага ап’янення <…>, што з неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека) і ч. 3 арт. 159 (пакіданне пры загадзя вядомай небяспецы, здзейсненае асобай, якая сама з неасцярожнасці ці з ускосным намерам паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця або здароўя стан) Крымінальнага кодэкса.

Малады чалавек змешчаны пад варту.

Колькасць ДТЗ знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), паказаў праведзены Позіркам аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: