Мінск 18:25

Уз’яднанне ўкраінскіх і расійскіх сем’яў адбылося на тэрыторыі Беларусі

Фота: "Першы інфармацыйны"

31 ліпеня, Позірк. У пункце пропуску Новая Гута (Гомельская вобласць) на мяжы з Украінай 31 ліпеня праведзена чарговая аперацыя ўз’яднання ўкраінскіх і расійскіх сем’яў, паведаміў дзяржканал “Першы інфармацыйны”.

Адзначаецца, што 10 пенсіянераў і “маламабільных грамадзян”, якія прыбылі з тэрыторыі Расіі, накіраваліся да сваякоў ва Украіну. Адна з пенсіянерак пакутуе на анкалагічнае захворванне.

Акрамя таго, як заяўлена, пяць чалавек вярнулася з Украіны ў Беларусь, дзе іх сустрэлі сваякі.

Таксама паведамляецца, што 31 ліпеня чацвёра ўкраінскіх дзяцей уз’ядналіся з блізкімі. Частка з іх накіруецца ва Украіну, частка, як сцвярджаецца, — у краіны Еўрасаюза.

Апошні да гэтага расійска-украінскі абмен у рамках ўз’яднання сем’яў у Новай Гуце адбыўся 27 чэрвеня, ён праводзіўся па формуле “7 на 7”.

Тады ў аддзяленні памежнага кантролю адбыліся двухдзённыя (26–27 чэрвеня) перамовы ўпаўнаважанага Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека Дзмітрыя Лубінца і ўпаўнаважанай па правах чалавека РФ Яны Лантратавай.

Беларусь з’яўляецца адзінай краінай, якая мае непарыўную мяжу як з РФ, так і з Украінай.

24 лютага 2022 года РФ пры непасрэднай падтрымцы рэжыму ў Мінску пачала поўнамаштабную вайну з Украінай, уварваўшыся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: